Як прайшоў юбілей у пані Элізы

6 чэрвеня 2021 года славутай беларускай пісьменніцы і любімай гродзенке Элізе Ажэшка споўнілася 180 гадоў. Да вялікай юбілейнай даты супрацоўнікі  ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” падрыхтавалі насычаны культурнымі мерапрыемствамі дзень, каб кожны жадаючы мог бліжэй пазнаёміцца з вядомай зямлячкай.

Святкаванне распачалося з некалькіх экскурсій па дому-музею Элізы Ажэшка. Госці аглядалі яе мемарыяльны пакой і слухалі цікавыя факты з біяграфіі пісьменніцы. Была адкрыта выстава рэдкіх выданняў, фотаздымкаў і рэчаў, якія захаваліся з часоў жыцця пані Элізы.

А самае яркае свята чакала ўсіх на літаратурна-музычным салоне “Эліза Ажэшка запрашае сяброў”. І насамрэч, адзначыць яе юбілей прыйшлі сапраўдныя сябры, аматары і прафесіяналы літаратурнага свету Гродзеншчыны, таленавітая моладзь і звычайныя чытачы, для якіх пісьменніца з’яўляецца сімвалам любімага Гродна.

Усіх, хто прыйшоў на салон, яшчэ на вуліцы, з балкона дома-музея, сустракала скрыпачка, чыя прыгожая музыка захоплівала нават прахожых. Дарэчы, квартэт ад Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа быў адной з самых яскравых зорак на юбілеі – іх выкананне засталося ў душы слухачоў.

Успомнілі і пра яшчэ аднаго вядомага беларускага пісьменніка – Максіма Багдановіча, які зусім маленькім жыў разам з сям’ёй недалёка ад дома пані Элізы. Калі б яны сустрэліся, пра што бы размаўлялі? Вядома адно – любоў да роднага краю вельмі бы іх зблізіла. На гэтую тэму паразважалі навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, якія прадставілі сваю праграму, прысвечаную беларускаму класіку. Творчае чытанне яго вершаў і прыгожыя песні ўразілі ўсіх прысутных.

Дзве эпохі творцаў – мінулага і сучаснага – сутыкнуліся ў гэты дзень на салоне. Павіншаваць імянінніцу прыйшлі гродзенскія пісьменнікі, якія шануюць і захоўваюць літаратурныя традыцыі класікаў. Свае цудоўныя творы прадставілі Л. Кебіч, Д. Радзівончык, А. Апанасевіч, С. Глембоцкая і іншыя літаратары. Завітаў і госць з Мінска Юрый Рэдзькоў – таленавіты кінамеладэкламатар, які вельмі творча прачытаў верш Роберта Раждзественскага.

Прыгожую і рухомую кропку ў гэтым літаратурна-музычным вечары паставіў танцавальны калектыў Універсітэта Залатога Веку.

А пасля супрацоўнікі бібліятэкі разам з чытачамі адправіліся да помніка Элізы Ажэшка, каб пакласці кветкі ў гонар любімай зямлячкі.

Калектыў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага вельмі шануе памяць аб знакамітай пісьменніцы і працягвае яе традыцыі. Дом-музей Элізы Ажэшка і ў наш час з’яўляецца месцам, дзе ззяе святло дабрыні і міласэрнасці, а дзверы адкрыты для кожнага. Запрашаем!