Музы́ка зямлі беларускай: да дня нараджэння Максіма Багдановіча

9 снежня 1891 года нарадзіўся Максім Багдановіч, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, знакаміты паэт, празаік, публіцыст і перакладчык.
Нарадзіўся будучы пісьменнік ў Мінску, у сям’і вядомага этнографа, фалькларыста, мовазнаўцы і педагога Адама Ягоравіча Багдановіча і настаўніцы па адукацыі Марыі Апанасаўны Багдановіч. Частку свайго дзяцінства (1892-1896 гг.) правёў у Гродне, дзе да нашых дзён захаваўся дом, у якім жыла сям’я.
У 1907 годзе ў газеце “Наша Ніва” быў надрукаваны першы твор юнага паэта – “Музы́ка”, з якога і пачалося яго падарожжа ў літаратурны сусвет. Ён узбагаціў нашую паэзію на такія цудоўныя і невядомыя дагэтуль формы лірыкі, як санэт, трыялет, танка, рубай, рандо, рэндэль, тэрцына і іншыя. Але гэта было не адзінае, чым займаўся пісьменнік. Дарэчы, менавіта Максім Багдановіч заклаў пачатак беларускай літаратурнай прафесійнай крытыкі.
У наш час ужо немагчыма ўявіць сабе беларускую паэзію без усім вядомых радкоў “Зорка Венера ўзышла над зямлёю…” ці “Па-над белым пухам вішняў…”. Творы Максіма Багдановіча – гэта музыка, светлая, гучная, кранальная, якая назаўжды застаецца ў вашым сэрцы.
Захавайце кавалачак цеплыні з вершаў вялікага беларускага класіка ў дзень яго народзінаў – вазьміце яго знакаміты “Вянок” у аддзелах Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага.