Беларускія пісьменнікі-юбіляры лістапада

У абанементным аддзеле арганізаваны прагляд літаратуры “Асобы і падзеі 2020 года”, у цэнтры ўвагі якога апынуліся беларускія пісьменнікі-юбіляры апошняга восеньскага месяца. У іх ліку – Андрэй Макаёнак (12 лістапада споўнілася б 100 гадоў), Міхась Васілёк (14 лістапада споўнілася б 115 гадоў) і Ян Скрыган (16 лістапада споўнілася б 115 гадоў.). Усе яны – таленавітыя творцы зямлі беларускай, якія сышлі, пакінуўшы пасля сябе каштоўную літаратурную спадчыну.

Выстава-прагляд складаецца з некалькіх раздзелаў:

– “Андрэй Макаёнак: выдатны беларускі драматург ХХ ст.”;

– “Гродзенскі паэт – Міхась Васілёк”;

– “Ян Скрыган у коле жыцця”.

Раздзел выставы “Андрэй Макаёнак: выдатны беларускі драматург ХХ ст.” змяшчае двухтомныя і пяцітомныя зборы твораў Макаёнка і асобна выдадзеныя яго п’есы, камедыі (“Лявоніха на арбіце”, “Кашмар”) і трагікамедыі (“Трыбунал”, “Пагарэльцы”). Пра жыццё і аналіз творчасці беларускага сцэнарыста і драматурга можна прачытаць на старонках кніг: Ю.М.Сохар “На пульсе жыцця: Андрэй Макаёнак і беларускі тэатр”, Г.Д.Колас “Аўтографы Андрэя Макаёнка”, А.В.Сабалеўскі “Асоба мастака”, І.Л.Вішнеўская “Комедия на орбите: о А.Е.Макаёнке” і інш.

У раздзеле “Гродзенскі паэт – Міхась Васілёк” раскрываецца постаць нашага паэта-земляка з дапамогай кніг: У.Калеснік “Лёсам пазнанае”, М.У.Мікуліч “Паэзія заходняй Беларусі (1921-1939)” і інш. Дэманструецца яго паэзія, якая ўвайшла ў зборнікі: “Вершы” (1973), “Выбраныя вершы = Избранные стихотворения” (1950), “Выбраныя творы: вершы” (1955), “Гродна ў вершах і песнях: і памяць, і пашана, і любоў…” (2008). Гродзенскія даследчыкі творчасці Міхася Васілька – А.М.Пяткевіч і А.М.Петрушкевіч выдалі адпаведна зборнік артыкулаў, рэцэнзій, літаратурных партрэтаў пераважна тварцоў культурнага памежжа Гродзеншчыны “Старонкі спадчыны” і дапаможнік да спецкурса “Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах”, у якіх, апрача іншых, паказваецца і асоба М.Васілька.

Імя беларускага пісьменніка, паэта, навеліста, публіцыста, крытыка і аднаго з першапраходцаў беларускага нарыса Яна Скрыгана апісваецца ў раздзеле прагляда “Ян Скрыган у коле жыцця” на старонках такіх кніг, як: “Слова пра Яна Скрыгана: успамiны”, “Ян Скрыган ва ўспамінах”. А асабістая творчасць пісьменніка змешчана ў наступных выданнях: “Выбраныя творы ў 2-х тамах”, “Круги: повесть с отступлениями”, “Кругі: выбранае”, “Лунная ночь: рассказы, повести, портреты”, “Людьми зваться…: рассказы”, “Наталья”, “Поворот у сосны: рассказы”, “Ранішнія росы: лiт. нататкi, успамiны, партрэты”, “Руки на кленовом листе: рассказы, эссе”, “Свая аповесць: апавяданнi, аповесцi, роздум”, “Скажы адно слова: аповесцi i апавяданнi”.

Усім аматарам беларускага прыгожага пісьменства і тым, хто жадае больш ведаць пра літаратуру Гродзеншчыны, наведаць літаратурны прагляд “Асобы і падзеі 2020 года” можна ў абанементным аддзеле па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.