Публічныя бібліятэкі Гродзеншчыны – сярод пераможцаў рэспубліканскага конкурсу

Сярод пераможцаў ХХVІІІ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” – бібліятэчныя ўстановы Гродзеншчыны.

У намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” дыпломам першай ступені адзначана работа сельскай бібліятэкі аграгарадка Кальчуны ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка”. Ва ўстанове створаны “куток бібліятэрапіі”, дзейнічае валанцёрская група, якая арганізавана ў працэсе рэалізаці бібліятэчнай праграмы “Твары дабро разам з намі”. Валанцёры дапамагаюць абслугоўваць пажылых людзей і чытачоў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, чытаюць услых творы для юных наведвальнікаў, праводзяць заняткі ў “Школе камп’ютарнай граматнасці” для жыхароў старэйшага ўзросту.

Інавацыйны падыход да арганізацыі работы назіраецца ў Поразаўскай ГПБ дук “Свіслацкага раённая бібліятэка”. Менавіта, за дзейнасць у гэтым накірунку бібліятэка і атрымала дыплом першай ступені ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”.

Установай распрацаваны праект “Адроджанае рамяство”, на рэалізацыю якога ў 2019 годзе атрыманы Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: набыты ганчарны круг і прыстасаванні для вырабу ганчарных вырабаў, тэхнічныя сродкі для правядзення мерапрыемстваў, літаратура па ганчарству, дэманстрацыйнае абсталяванне. Адчынены музейны пакой “Мастацтва гліны і агню”: экспазіцыя прысвечана традыцыям вырабу чарназадымленай керамікі ў г.п. Поразава. Упершыню на базе бібліятэкі вядзецца навучанне ганчарнаму рамяству з выкарыстаннем мясцовых традыцый.

Дыплом трэцяй ступені ў гэтай намінацыі атрымала ДУК “Смаргонская раённая бібліятэка”. У межах Года малой радзімы калектывам установы рэалізаваны віртуальны інфармацыйна-пазнавальны праект “Смаргоншчына: ведай свой край”. Новаўвядзеннем стала стварэнне ўласных інфармацыйных рэсурсаў – чатырох баз дадзеных: “Вядомыя ўраджэнцы і жыхары Смаргоні”, “Іх імёны ўвекавечаны ў назвах вуліц”, “Смаргоншчына музычная” і “Старонкі гісторыі Першай сусветнай”.

У намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” дыплом першай ступені – у ГЦБ імя А.Макаёнка ДУК “ЦБС г. Гродна”. З мэтай папулярызацыі краязнаўчай інфармацыі супрацоўнікамі бібліятэкі падрыхтаваны інфармацыйны рэсурс “Манументальная памяць Гродна”, дзе прадстаўлена інфармацыя больш чым пра 150 аб’ектаў манументальнай скульптуры (помнікі, мемарыяльныя дошкі, комплексы, пліты) і падрыхтаваны бібліяграфічны даведнік “Память Гродно в монументальной скульптуре”.

Сярод пераможцаў у намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” – ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я.Коласа” (дыплом другой ступені). Да Года малой радзімы бібліятэкай распрацаваны праект “На роднай зямлі пад небам Бацькаўшчыны”. Актыўна працуюць першы ў Гродзенскай вобласці музей беларускай кнігі і музейны пакой Алега Лойкі, ураджэнца Слонімшчыны, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі, паэта, навукоўца і перакладчыка. Раённая бібліятэка стала сааўтарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў падрыхтоўцы мультымедыйнага праекта “Слонім і наваколле праз прызму гістарычных дакументаў, паданняў, даследаванняў”.

У межах святкавання Дня беларускага пісьменства рэалізаваны міні-праект “Свята Слова, свята Кнігі”, праведзены Коласаўскія чытанні.

У Астрынскай ГПБ ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі” у гэтай жа намінацыі – дыплом трэцяй ступені. Калектыў установы ладзіць свята паэзіі, прымеркаванае да дня нараджэння Цёткі, беларускай паэткі, уражэнкі Шчучыншчыны; прымае актыўны ўдзел у раённай акцыі “Кніжная вясна”; праводзіць цыкл “Нясумная бібліятка”; рэалізуе праект “Гучныя чытанні”.

Сумесна з вучнямі старэйшых класаў, якія наведваюць пасяджэнні аб’яднання “Спадчына”, сабраны вялікі краязнаўчы матэрыял, складзены летапіс “Мая зямля – мой лёс” па гісторыі мясцовага калгаса, гістарычнае эссэ аб трагічным лёсе яўрэйскага насельніцтва пасёлка і па гісторыі Астрынскага гета “Жыццё і трагічны лёс Астрынскіх яўрэяў”. Таксама праведзена значная пошукавая работа па даследаванні гісторыі царквы вёскі Шчанец “История церкви Рождества Иоанна Предтечи д.Щенец”.

Цікавы вопыт работы Мастоўскай раённай дзіцячай бібліятэкі з падрастаючым пакаленнем. На высокім узроўні праводзіліся: брэндавае мерапрыемства “Бібліякараван “Кнігі будуюць Масты”; прэс-акцыя “75 кніг пра вайну”; квэст-гульня “Перамога будзе за намі!”; фотакрос “Горад чытае”; флэшмоб “Чытаць заўсёды! Чытаць усюды!”; бібліяноч “Падарожжа па кніжнаму Сусвету” і інш. Гэта ўстанова атрымала заахвочвальную прэмію.

Шчыра віншуем пераможцаў!