Вольга Соламава: навечна ў памяці землякоў
Вялікая Айчынная вайна на Гродзеншчыне нарадзіла тысячы герояў, якія мужна змагаліся на франтах. З Прынямоннем звязаны імёны 74 Герояў Савецкага Саюза. Многія з іх не дачакаліся Перамогі, але памяць аб іх ушанавана ў помніках, абелісках, мемарыяльных дошках, назвах вуліц і школ вобласці.
11 сакавіка аддзелам краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага для навучэнцаў Гродзенскага прафесійна-тэхнічнага каледжа камунальнай гаспадаркі праведзены Дзень інфармацыі “Навечна ў памяці землякоў: Вольга Соламава”, да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Падчас мерапрыемства навучэнцы пазнаёміліся з жыццём і баявымі справамі Вольгі Соламавай, адной з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху ў перыяд Вялікай Айчыннай. У тыле ворага яна стварала падпольныя райкомы і камсамольскія арганізацыі ў партызанскіх атрадах і населеных пунктах Гродзеншчыны.
Імя адважнай камсамолкі-падпольшчыцы занесена ў Кнігу ганаровых грамадзян горада Гродна. Вольга Іосіфаўна Соламава ўдастоена звання “Ганаровы грамадзянін горада Гродна”. Пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” 1 ступені.
На радзіме В.І. Соламавай і на месцы яе смерці ўстаноўлены помнікі. Вуліцы ў Гродне, Скідзелі і Вялікай Бераставіцы носяць імя партызанкі. Гэта імя чырвонымі літарамі выведзена на цеплаходзе, які курсіруе па Нёмане. У памяць аб камсамолцы, якая аддала перавагу загінуць, але не здацца ворагу, штогод праходзіць турнір па плаванні.