Юбіляры верасня
1 – 80 гадоў з дня нараджэння Басюка Івана Аляксандравіча (нар. у 1942 г., в. Амневічы Навагрудскага раёна), беларускага гісторыка, правазнаўца, педагога, выдатніка адукацыі Беларусі. З 1987 г. выкладаў у ГрДУ імя Я. Купалы.
2 – 70 гадоў з дня нараджэння Апарына Дзмітрыя Аляксандравіча (1952 – 1999), беларускага вучонага ў галіне біяхіміі, прафесара кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій ГрДУ імя Я. Купалы.
3 – 225 гадоў з дня нараджэння Камінскага Антона (1797, в. Рачуны Смаргонскага раёна – 1885), польскага педагога, перакладчыка, аўтара польскіх падручнікаў для школы. Скончыў базыльянскую школу ў Барунах на Ашмяншчыне. У 40-я – 50-я гг. XIX ст. жыў у роднай вёсцы.
3 – 75 гадоў з дня нараджэння Войціка Віктара Антонавіча (нар. у 1947 г., Гродна), беларускага кампазітара, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1995). Узнагароджаны медалём Ф. Скарыны, знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
7 – 190 гадоў з дня нараджэння Нарбута Людвіка Тэадоравіча (1832, в. Шаўры Воранаўскага раёна – 1863), аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг. на Беларусі і ў Літве. У 1863 г. – паўстанцкі ваенны начальнік Лідскага павета.
9 – 70 гадоў з дня нараджэння Рычкова Юрыя Міхайлавіча (нар. у 1952 г.), беларускага вучонага ў галіне радыёфізікі і электронікі, доктара тэхнічных навук, прафесара ГрДУ імя Я. Купалы.
11 – 30 гадоў з часу адкрыцця ўстановы культуры “Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей” (1992; заснаваны 29.07.1987).
12 – 310 гадоў з дня нараджэння Аскеркі Сцяпана Міхаіла (1712, Навагрудак – ?), беларускага эканаміста-утапіста, юрыста.
13 – 80 гадоў з дня нараджэння Кулакоўскай Любові Міхайлаўны (нар. у 1942 ці ў 1943 г., в. Дзяляцічы Навагрудскага раёна), беларускага дзеяча самадзейнага мастацтва, педагога, заслужанага работніка культуры Беларусі. З 1965 г. – выкладчык Ваўкавыскай ДМШ, а з 1978 г. – дырэктар Краснасельскай ДМШ, адначасова кіраўнік Ваўкавыскага народнага хору.
13 – 75 гадоў з дня нараджэння Русакевіча Уладзіміра Васільевіча (нар. у 1947 г.), дзяржаўнага дзеяча Беларусі, дыпламата, доктара філасофіі Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій, кавалера ордэна Пашаны. У 1970 г. скончыў Гродзенскі педагагічны інстытут, у 1983 г. – Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.
13 – 60 гадоў з дня нараджэння Зінчука Віктара Уладзіміравіча (нар. у 1962 г.), беларускага вучонага ў галіне фізіялогіі, члена Нью-Ёркскай АН, доктара медыцынскіх навук. З 1990 г. працуе ў ГрДМУ.
15 – 75 гадоў з дня нараджэння Пятруль Людмілы Іванаўны (нар. у 1947 г., в. Мацвееўцы Ваўкавыскага раёна), беларускай мастачкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (габелен, батык, ручное ткацтва), графіка, акварэліста, педагога, паэтэсы.
15 – 70 гадоў з дня нараджэння Рахаткі Казіміра Уладзіслававіча (нар. у 1952 г., в. Няцеч Лідскага раёна), заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі. З 1995 г. – генеральны дырэктар аграфірмы “Мажэйкава” Лідскага раёна.
17 – 110 гадоў з дня нараджэння Танка Максіма (сапр. Скурко Яўген Іванавіч; 1912 – 1995), беларускага паэта. Народны паэт Беларусі, грамадскі дзеяч, акадэмік НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948), Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1959), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1966), Ленінскай прэміі (1978), Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980), Герой Сацыялістычнай Працы. У 1933-1934 гг. прымаў удзел у вызваленчым руху на Навагрудчыне, у 1970-х гг. – дэпутат Вярхоўнага Савета СССР па Ашмянскай акрузе.
17 – 100 гадоў з дня нараджэння Калесніка Уладзіміра Андрэевіча (1922, в. Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна – 1994), беларускага крытыка, літаратуразнаўца, празаіка, заслужанага работніка вышэйшай школы Беларусі, кандыдата філалагічных навук, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980).
17 – 100 гадоў з дня нараджэння Шышэя Кастуся (1922, в. Краскоўскія Горы Навагрудскага раёна – 2004), дзеяча беларускага нацыянальнага руху.
19 – 225 гадоў з дня нараджэння Сухадольскага Януара Іванавіча (1797, Гродна – 1875), беларускага мастака-жывапісца, баталіста, творчасць якога звязана з мастацкім жыццём Польшчы, Беларусі і Расіі, удзельніка руска-турэцкай вайны 1828-1829 гг., паўстання 1830-1831 гг.
19 – 75 гадоў з дня нараджэння Шышко Іосіфа Вацлававіча (нар. у 1947 г., в. Старадворцы Шчучынскага раёна), беларускага гаспадарчага дзеяча, эканаміста, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі, кавалера ордэна крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай. У 1971-1982 гг. працаваў на Шчучынскім масласырзаводзе. У 1982-2011 гг. – генеральны дырэктар ААТ “Малочны свет” у Гродне.
24 – 75 гадоў з дня нараджэння Бурака Мечыслава Іосіфавіча (нар. у 1947 г., Ваўкавыск), антыкрызіснага кіраўніка, акадэміка Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук.
26 – 90 гадоў з дня нараджэння Геруса Аляксея Іванавіча (1932, в. Юзафіны Дзятлаўскага раёна – 1993), беларускага вучонага ў галіне спартыўнай анатоміі, доктара медыцынскіх навук, прафесара.
27 – 130 гадоў з дня нараджэння Барана (Баранава) Сяргея Восіпавіча (1892, в. Віцькі Гродзенскага раёна – ?), беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, удзельніка Першай сусветнай вайны. У 1919 г. – старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Гродне, заснавальнік і выкладчык Гродзенскай беларускай гімназіі. У 1920 г. – старшыня Грамады беларускай моладзі ў Гродне. У 1921-1922 гг. узначальваў аддзел Гродзеншчыны ў Беларускім таварыстве чырвонага крыжа.
27 – 75 гадоў з дня нараджэння Міхнюка Уладзіміра Мікалаевіча (1947, в. Грушчаны Свіслацкага раёна – 2004), беларускага гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара. У 1973-1974 гг. працаваў у Гродзенскім дзяржаўным педінстытуце імя Я. Купалы.
28 – 90 гадоў з дня нараджэння Арцымені Дзмітрыя Канстанцінавіча (1932 – 1993), беларускага дзяржаўнага дзеяча. У 1983-1993 гг. – старшыня Гродзенскага аблвыканкама.
30 – 130 гадоў з дня нараджэння Верас Зоські (сапр. Сівіцкая-Войцік Людвіка Антонаўна; 1892 – 1991), беларускай пісьменніцы, публіцыста, мемуарыста, выдаўца, грамадска-культурнага дзеяча. У 1912 г. скончыла Гродзенскую прыватную жаночую гімназію, у 1909-1913 гг. – удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі.
30 – 70 гадоў з дня нараджэння Нечухрына Аляксандра Мікалаевіча (нар. у 1952 г.), доктара гістарычных навук, прафесара. Працуе ў ГрДУ імя Я. Купалы.