Вусны часопіс “Птушка года Беларусі -2021: гутарым, чытаем, пазнаём!”

1 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень птушак. Першы дзень красавіка – гэта яшчэ і час прылёту птушак з зімовак. Яны вяртаюцца на радзіму і прыносяць з сабой вестку аб надыходзе вясны. На гэта значнае экалагічнае свята дзіцячы філіял абласной бібліятэкі запрасіў выхаванцаў экастудыі “Ветка”.

Маленькіх гасцей чакала знаёмства з птушкай 2021 года Беларусі  ─ леляком звычайным. У медыяпадарожжы маленькія эрудыты даведаліся пра звычкі леляка, паходжанне назвы птушкі, месцах гнездавання.

Убачыць леляка у дзікай прыродзе ─ гэта вялікі поспех, і не толькі таму, што ён актыўны ў прыцемках, але і таму, што гэтая птушка ─ майстар маскіроўкі: яе пярэнне практычна зліваецца з колерам ляснога подсцілу ці кары дрэва. У імправізанай замалёўцы леляка дзеці падбіралі колеры, характэрныя дла апярэння птушкі.

Падчас гутаркі хлопчыкі і дзяўчынкі зразумелі, што чалавек не толькі дапамагае птушкам, але і сам становіцца бліжэй да прыроды, лепш разумее сваё адзінства з ёй.

Кніжная выстава пазнаёміла дзяцей з энцыклапедычнымі выданнямі, прысвечанымі птушкам Беларусі мінулых гадоў.