Святло друкаванага слова
25 сакавіка ва ўтульнай прасторнай зале Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага прайшла прэзентацыя кніг лаўрэатаў III Абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі.
З навінкамі друку ўдзельнікаў мерапрыемства знаёмілі самі пісьменнікі: беларуская паэтэса, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч; дзiцячая пiсьменнiца, лаўрэат Прэмii iмя А.I.Дубко і Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii Ганна Скаржынская-Савіцкая; публіцыст, журналіст, празаік Ніна Рыбік; паэт, кампазітар і выканаўца песен Андрэй Татур.
Аўтары з натхненнем распавядалі пра свае новыя кнігі, чыталі вершы і ўрыўкі з твораў, а прысутныя з вялікай цікавасцю слухалі іх. Насамрэч, пазнаёміцца з пісьменнікамі ўжывую – гэта ўнікальная магчымасць, якая выпадае не кожны дзень, але такія сустрэчы заўсёды дораць добры настрой і пачуццё дотыку да чагосьці вельмі знакавага.
Вечар сабраў сапраўдных аматараў роднай літаратуры, людзей з адкрытымі сэрцамі і душой да выдатнай паэзіі і прозы. А, як вядома, падтрымка чытачоў для аўтараў неабходна не менш, чым само натхненне.
Новыя выданні папоўняць культурную спадчыну Гродзеншчыны, і панаёміцца з імі можа кожны зацікаўлены ў аддзелах Гродзенскай абласной бібліятэкі.