Замежная класіка – дзецям

Кнігі, прадстаўленыя ў гэтым аглядзе – сапраўдныя жамчужыны сусветнай дзіцячай літаратуры, якія добра ведае не адно пакаленне чытачоў. Прыемна адзначыць, што сёння з гэтымі знакамітымі творамі можна пазнаёміцца і на беларускай мове.

Ліндгрэн, А. Малы і Карлсан, які жыве на даху : [казачная аповесць] / Астрыд Ліндгрэн ; пераклад са шведскай Алесі Башарымавай ; мастак Арсен Джанік’ян. – Мінск : Папуры, [2019]. – 166, [1] с.

Адметнасць твораў А. Ліндгрэн – гумар, займальнасць і незвычайная чуласць да дзіцячай душы.

«На самай звычайнай стакгольмскай вуліцы ў самым звычайным доме жыве самая звычайная сям’я на прозвішча Свантэсан…» Так пачынаюцца незвычайныя прыгоды Малога і Карлсана, якіх палюбілі дзеці і дарослыя ва ўсім свеце.

Для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.

Ліндгрэн, А. Карлсан прылятае зноў : [казачная аповесць] / Астрыд Ліндгрэн ; пераклад са шведскай Алесі Башарымавай ; мастак Арсен Джанік’ян. – Мінск : Папуры, [2019]. – 190, [1] с.

Цэлае лета Малы не бачыў Карлсана і цяпер хвалюецца, ці прыляціць той ізноў. Але Карлсан вяртаецца, і сябры разам пераадольваюць цяжкасці і трапляюць у новыя прыгоды. Герояў чакае шмат выпрабаванняў: ад’езд бацькоў, прывіды, выбрыкі Страхмістрыні… Але ўсё ў рэшце рэшт скончыцца добра.

Для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.


Ліндгрэн, А. Карлсан хітруе зноў : [казачная аповесць] / Астрыд Ліндгрэн ; пераклад са шведскай Алесі Башарымавай ; мастак Арсен Джанік’ян. – Мінск : Папуры, [2020]. – 203, [4] с.

Усё пачалося з вялізнага перапалоху: Карлсана заўважылі ў горадзе, і таму, хто яго спаймае, абяцаюць узнагароду! Але гэты штукар дасць рады любым цяжкасцям. Што ні старонка – новая прыгода. Ты зноў сустрэнеш фрэкен Бок, і круцялёў Філе і Руле, і загадкавага прывіда. З імі дакладна не засумуеш!

Для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.


Кэрал, Л. Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса : [казка / Льюіс Кэрал ; [ілюстрацыі К. Дубовік]. – Мінск : Галіяфы, 2017. – 168, [4] с.

Сусветна вядомая казка Льюіса Кэрала “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса” – адзін з самых загадкавых твораў класічнай літаратуры Вялікабрытаніі. Ужо другое стагоддзе яна вабіць як дзяцей, якім непасрэдна прызначалася, так і дарослых.

У гэтым выданні змешчаны пераклад казкі, выкананы Верай Бурлак. Арыгінальныя ілюстрацыі Кацярыны Дубовік суправаджаюць у падарожжы ў Залюстэркавы свет і дазваляюць адчуць сябе ўдзельнікам фантастычнай гульні – шахматнай партыі, разыгранай Льюісам Кэралам.

Для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.


Сент-Экзюперы, А. дэ Маленькі прынц : [казачная аповесць] / Антуан дэ Сент-Экзюперы ; з малюнкамі аўтара ; пераклала з французскай мовы Ніна Мацяш ; [падрыхтоўка тэксту з праўкамі перакладчыцы М. Новік]. – Мінск : Попурри, [2019]. – 123, [3] с.

«Маленькі прынц» – філасофская казка, у якой чытач любога ўзросту знойдзе тое, што адгукаецца яго душы. Яна выйшла ў 1943 годзе ў Нью-Ёрку і з таго часу была перакладзена больш чым на 250 моў і выдадзена мільёнамі экзэмпляраў па ўсім свеце.

На беларускай мове пабачыла свет у 1989 годзе ў перакладзе Ніны Мацяш. Пазней перакладчыца дапрацоўвала і рэдагавала тэкст, і ў гэтым выданні казка ўпершыню друкуецца з яе праўкамі.


Льюіс, К. С. Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка : аповесць / К. С. Льюіс ; пераклад з англійскай мовы [Н. Кім ; ілюстрацыі П. Бэйнс]. – Мінск : Пазітыў-цэнтр, 2016. – 217 с.. – (Добрая кніга)

«Хронікі Нарніі» – знакаміты цыкл з сямі кніг, напісаных Клайвам Стэйплзам Льюісам. У ім распавядаецца аб прыгодах дзяцей у чароўнай краіне Нарніі, дзе жывёлы могуць размаўляць, магія нікога не здзіўляе, а дабро змагаецца са злом.

Кніга «Пляменнік чараўніка» з’яўляецца перадгісторыяй: яна вяртае чытача да нараджэння Нарніі, калі Аслан стварыў свет, і распавядае, як зло ўпершыню ў яго трапіла і чаму менавіта Гардэроб з’яўляецца варотамі ў чарадзейны свет.

Кнігі пра Нарнію – адна з найбольш паспяховых кніжных серый у гісторыі, была перакладзеная на 41 мову. Упершыню кніга «Пляменнік чараўніка» выдадзена па-беларуску.


Харыс, Дж. Казкі дзядзечкі Рымуса / Джаэль Харыс ; [пераклад з рускай мовы і апрацоўка М. Маляўкі ; мастак С. Рыжыкава]. – Мінск : Народная асвета, [2020]. – 68, [3] с.. – (Замежная класіка — дзецям)

Кніга знаёміць юных чытачоў з творчасцю амерыканскага пісьменніка  Дж. Ч. Харыса і яго казкамі пра Братку Труса, Братку Ліса, Братку Мядзведзя і іншых звяроў. Дасціпныя і павучальныя казкі ў перакладзе з апрацоўкай вядомага беларускага пісьменніка Міколы Маляўкі адрасуюцца дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.


Кэстнэр, Э. Незвычайныя прыгоды Луізы і Лоты : авантурны раман для дзяцей / Эрых Кэстнэр ; [пераклад з нямецкай Г. Скакун ; мастачка Н. Арайс]. – Мінск : Тэхналогія, 2018. – 158, [1] с.

Ці можна зноў пажаніць бацькоў, якія развяліся гадоў дзесяць таму, падзялілі дзяцей і жывуць у розных гарадах? Сёстры-блізняты Луіза і Лота пазнаёміліся на вакацыях, зразумелі, што ў іх адны і тыя ж мама і тата і, вяртаючыся дадому, памяняліся месцамі. Так пачаліся іх прыгоды, смешныя і сумныя — ужо вельмі дзяўчынкам хацелася, каб і бацькі, і яны самі заўсёды былі разам.

Раман напісаны з тонкім разуменнем дзіцячай душы. Ён перакладзены на мноства моваў свету, а на нямецкай мове вытрымаў больш за 160 выданняў.

Запрашаем наведаць дзіцячы філіял па вул. Савецкая, 25 і пазнаёміцца з гэтымі цікавымі кнігамі.