Конкурс фоталетапісаў «Малая радзіма: імгненні гісторыі»

Жыццё чалавека – як імгненне, але, менавіта, з такіх, здавалася б, нязначных у сусветным маштабе лёсаў складаецца мінулае і сучаснасць любой вёскі, пасёлка, горада і цэлай краіны.

У 2020 годзе ўпершыню з мэтай збору, захавання і папулярызацыі ведаў аб гісторыка-культурнай спадчыне Гродзеншчыны ўпраўленне культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” арганізавалі і правялі конкурс фоталетапісаў “Малая радзіма: імгненні гісторыі”.

Запісваючы легенды і паданні, размаўляючы са старажыламі, збіраючы па крупіцах гісторыю сваіх населенных пунктаў, кожны ўдзельнік зрабіў неверагодны ўклад у гэтую бясцэнную скарбніцу.

Хочацца адзначыць, што ўсе ўстановы падышлі да стварэння гістарычнай храналогіі свайго края з адказнасцю і любоўю. Дарэчы, удзельнікаў конкурсу было 20 – з усіх раёнаў Гродзеншчыны і горада Гродна.

Адметнай рысай конкурсных работ з’яўлялася тое, што ўсе яны змяшчаюць фотаздымкі малой радзімы мінулых гадоў, пачынаючы 1910 года з прыватных калекцый чытачоў. Усе работы зроблены з густам, ёсць і паліграфічнае афармленне, і ручная работа, а фотаматэрыялы суправаджаюцца інфармацыйным зместам.

Граматы і памятныя падарункі прадстаўнікі ўстаноў-пераможцаў атрымалі з рук намесніка начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Куратчык Сняжаны Віктараўны і дырэктара ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” Мальцавай Лідзіі Васільеўны ў дзень святкавання 190-гадовага юбілея бібліятэкі.

Пераможцы вызаначаны па трох намінацыях:

“Наш край – наш лёс”

Перамогу атрымала ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” з іх вялікім і змястоўным летапісам, на старонках якога прадстаўлены архітэктурныя каштоўнасці Мастоў, станаўленне “Мастоўдрэва”: ад фанернага завода братоў Канапацкіх да сучаснага прадпрыемства, а таксама праследжана гісторыя “5 мастоў”, якія былі размешчаны на тэрыторыі горада. Акрамя гэтага, на фотаздымках можна ўбачыць штодзённае жыццё жыхароў Мастоўскага раёна.

ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы” прадставіла фоталетапіс у выглядзе каштоўнай кнігі, дзе перад кожным наступным аддзелам знаходзіцца прыгожы малюнак, зроблены ўручную. На старонках храналогіі можна пабачыць гісторыю гарадской архітэктуры: ад бальніцы да ўнівермага, ад лакакрасачнага завода да хлебакамбіната. Праца змяшчае памятныя і рэдкія фотаздымкі землякоў.

“Быт нашых продкаў”

Адным з пераможцаў у гэтай намінацыі – ДУК “Свіслацкая раённая бібліятэка” – матэрыял пададзены ў выглядзе світка: на ільняным абрусе з карункамі размешчаны два раздзелы. У адным з іх знаходзяцца фатаграфіі людзей за працай і ў штодзённым жыцці, а ў другім – здымкі з традыцыямі, звычаямі і абрадамі, сабраныя з розных куточкаў Свіслацкага раёна.

Інфармацыйна-бібліятэчны аддзел ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр” таксама атрымаў перамогу за свой летапіс. Унікальнасць гэтай працы ў тым, што альбом змяшчае каштоўныя фотаздымкі сям’і Гарбачык пачынаючы з 1913 года.

“Героі ваенных часоў”

Лепшымі ў гэтай намінацыі стала ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка”, супрацоўнікі якой праведзена вялікая краязнаўчая работа. На старонках альбома размешчаны максімальна поўныя звесткі аб ветэранах Навагрудскага раёна, а таксама сабрана інфармацыя аб тым, дзе яны пачыналі вайну, іх заслугі і медалі.

Наступны пераможца – ДУК “Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В. Кавалеўскага” да афармлення свайго летапісу падышла вельмі старанна: кожны фотаздымак ветэрана, іх баявы шлях і званні знаходзіліся ў асобнай фотарамцы, а іх аказалася больш за 20!

Ва ўсіх удзельнікаў конкурсу быў свой творчы падыход да выканання летапісу, таму перамогу атрымалі самыя незвычайныя, поўныя і цікавыя працы.