Кніжныя шэдэўры класікаў і сучаснікаў

17 верасня спаўняецца 190 гадоў з дня заснавання ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”. Каб парадаваць чытачоў, супрацоўнікі абанементнага аддзела ў рамках інфармацыйнага тыдня “Галоўнай кніжніцы Прынямоння – 190” арганізавалі дзве выставы.

Выстава “Кніжная скарбніца Гродзеншчыны” прымеркавана да юбілею бібліятэкі. Прадстаўленыя на ёй энцыклапедычныя выданні, матэрыялы навуковых канферэнцый, буклеты, выдадзеныя ў розныя гады, асабістая кніга гісторыі гродзенскай установы культуры ўтрымліваюць інфармацыю аб этапах развіцця “Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага”, аб яе супрацоўніках і асобна аб першым беларускім акадэміку, фалькларысце і этнографе Я.Ф.Карскім, чыё імя прысвоена бібліятэцы з 31 студзеня 1957 г.

Выстава-прагляд “Кніжныя шэдэўры класікаў і сучаснікаў” дэманструе лепшыя выданні сусветнай мастацкай літаратуры: ад легендарных Гамера і Эзопа да класікаў кнігі новага часу (Роўлінг Дж., Брэдберы Р., Толкін Дж., Кінг С., Сэлінджэр Дж., Оруэл Дж., Маркес Г., Кізі К., Зюскінд П., Эко У., Фаулз Дж., Акунін Б., Паланік Ч., Спаркс Н. і інш.).

Прагляд складаецца з наступных раздзелаў: “Эксклюзіўная класіка”, “Бестселеры праслаўленых і маладых аўтараў”, “Зорныя фантасты”, “Калекцыя сусветнага дэтэктыва”, “Літаратурная прастора Беларусі” і “Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па літаратуры”, што аб’ядналі значныя для ўсяго свету кнігі таленавітых класікаў і сучаснікаў, якія плённа працавалі і працуюць у розных літаратурных жанрах (гістарычны раман, класічны, іранічны дэтэктыў, крымінальнае апавяданне, трылер, фэнтэзі, навуковая фантастыка, меладрама і інш.), таму кожны чытач можа знайсці на выставе гісторыю для ўласнай душы на любы густ і настрой.

Абедзве экспазіцыі ахопліваюць творчасць сучасных і сталых творцаў слова, чые працы прама ці ўскосна ўздзейнічаюць на культуру і жыццё нашага краю і ўсяго свету ў цэлым. Нават, калі вы ўжо знаёмы з некаторымі выстаўленымі выданнямі, перачытаць іх не будзе лішнім, бо менавіта яны вучаць нас падтрымліваць дыялог любога ўзроўня цяжкасці, лепш разбірацца ў людзях, спасцігаць мастацтва пераадолення жыццёвых перашкод і проста атрымліваць задавальненне ад адзінокіх вечароў.

Азнаёміцца з кнігамі выстаў-праглядаў “Кніжная скарбніца Гродзеншчыны” і “Кніжныя шэдэўры ад класікі да сучаснасці” запрашаем у абанементны аддзел па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.