СІНАГОГА ХІХ ст. г.Ашмяны

Ашмянская сінагога ўяўляе сабой узор рэдкага спалучэння мясцовай архітэктурнай традыцыі з захаваннем нацыянальнага яўрэйскага каларыту і духу Ўсходу.

Будаўніцтва сінагогі, якая захавалася да нашых дзён, было завершана ў пачатку ХХ ст. Будынак, пабудаваны з чырвонай керамічнай цэглы ў стылі класіцызму, мае строгую форму, практычна цалкам захаваўся ў першапачатковым выглядзе.

Інтэр’ер не зведаў асаблівых змяненняў больш, чым за 100 гадоў. Адзіным знешнім упрыгожваннем з’яўляюцца пілястры па кутах і ў міжаконнях, а таксама круглае акно над уваходам, упрыгожанае гатычнай ружай, характэрнай для цэркваў раманскага і гатычнага стылю. Акрамя гэтага, імгненна прыкоўвае погляд прыгожы трох’ярусны дах, які надае будынку архітэктурную выразнасць.
Галоўны фасад мае невялікі драўляны франтон з выразанымі фігурамі міфічных львоў (леў, як вядома, часта сустракаецца ў Іерусаліме. Вароты Льва, якія дзейнічаюць у наш час, з’яўляюцца праходам да Заходняй Сцяны, мячэці Аль-Акса і Храмавай гары).
Сцены ўнутранага інтэр’еру распісаны раслінным арнаментам. На пілястры знаходзяцца невялікія нішы з выявамі жывёл і насякомых, кожнае з якіх мае пэўны сэнс і сімволіку: карова, казёл, качка, жук і г.д. Асабліва ўражвае цёмна-сіняя столь, якая імітуе зорнае неба. Падлога сінагогі знаходзіцца некалькі ніжэй узроўню зямлі, таму што зрабіць сам будынак высокім не дазвалялі ўлады, бо дамінантай населенага пункта павінен быў быць хрысціянскі храм.

У гады Другой сусветнай вайны, сінагога з рэлігійнага месца ператварылася ў страшнае гета. Будынак і прылеглыя вуліцы сталі цэнтрам Халакоста. У пасляваенны час тут знаходзіўся склад.

Гэты старажытны будынак, размешчаны ў гістарычным цэнтры Ашмян, можна смела назваць музеем яўрэйскай гісторыі, які сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю ў турыстаў.