ДОМ ЭЛІЗЫ АЖЭШКІ г. Гродна

Эліза Ажэшка – сусветна вядомая пісьменніца, нарадзілася 6 чэрвеня 1841 года ў мястэчку Мількаўшчына Гродзенскага павета Гродзенскай губерні. Пасля заканчэння Варшаўскага пансіёна ў 1857 годзе выйшла замуж за кобрынскага памешчыка Пятра Ажэшку і пераехала жыць у яго маёнтак Людвінава.

Падчас паўстання 1863–1864 гадоў Эліза Ажэшка актыўна падтрымлівала паўстанцаў: была сувязной партызанскага атрада Рамуальда Траўгута, дапамагала медыкаментамі і прадуктамі харчавання, стварыла “жаночы легіёнік”, удзельніцы якога выпякалі хлеб і пралі бялізну. Пасля падаўлення паўстанння і скасавання шлюбу пераехала ў родную Мількаўшчыну, дзе і пачала пісаць.

У 1869 годзе пісьменніца прадала маёнтак і пераехала жыць у Гродна. У 1894 годзе Эліза Ажэшка выйшла замуж за гродзенскага адваката Станіслава Нагорскага і пераехала ў яго дом, які сёння мы называем “Домам Ажэшкі”. У гэтым доме яна пражыла 16 гадоў. На той час гэта быў невысокі домік шэра-блакітнага колеру, абабіты дошкамі і накрыты цынкавай бляхай. Меў балкон і дзве мансарды.

Трапіць у дом можна было з боку вуліцы па невялікіх сходах. У левым крыле знаходзіўся салонік з мармуровым камінам, у правым – вялікі салон з трыма вокнамі. Насупраць уваходу была сталовая, з якой можна было трапіць на вялікі ганак.

У гэтым сціплым доме часта можна было сустрэць вядомых вучоных і грамадскіх дзеячаў, сярод якіх – Францішак Багушэвіч, Марыя Канапніцкая, Уладзіслаў Рэймант, Ян Карловіч і іншыя. Штогод на Каляды гаспадыня ладзіла святы для дзяцей-сірот, а таксама арганізоўвала літаратурныя вечары і масавыя чытанні.

Пасля смерці пісьменніцы ў 1910 годзе дом перайшоў да яе спадкаемцаў Максіміліяна і Марыі Абрэмскіх, а ў 1911 годзе быў перададзены гродзенскаму таварыству апекі над дзецьмі. Пазней тут размяшчалася гандлёвая школа, музычная школа, станцыя пералівання крыві, з 1965 па 2000 год – гродзенскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў.

Сёння дом-музей Элізы Ажэшкі – архітэктурны помнік, які з’яўляецца дакладнай копіяй дома знакамітай пісьменніцы. Тут размешчаны аддзелы Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага і створаны мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніцы.