АДЭЛЬСКІ ВЯТРАК в. Адэльск, Гродзенскі раён

У народнай свядомасці млыны асацыяваліся з магутнымі волатамі. Яны стаялі на самых бачных месцах і, шырока раскінуўшы свае рукі-крылы, любаваліся бяскрайнімі хлебнымі палямі.

На Беларусі раней моцныя вятры дзьмулі не часта, таму доўгі час на нашых землях будаваліся выключна вадзяныя млыны, якія з тэхнічнага боку былі больш складанымі за ветракі.

Масава выкарыстоўваць ветраныя млыны пачалі толькі ў ХІХ стагоддзі, калі імкліва развіваўся гандаль і моц вадзяных млыноў не магла забяспечыць патрэбы рынка.

Па гістарычных сведчаннях 150 гадоў таму на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці было зарэгістравана 600 вадзяных, 400 ветраных і амаль 160 конных млыноў.

Адэльскі вятрак быў тыповым для Прынёмання: ён уяўляў сабой млын казлавой альбо “галандскай” канструкцыі. Млыны гэтага тыпу трапілі на Гродзеншчыну праз Літву і Польшчу з Усходняй Прусіі.

Манументальная па знешняму выгляду пабудова з дапамогай доўгага бруса-рычага магла разварочвацца па ветру вакол цэнтральнага слупа-апоры на магутнай крыжавіне ў аснаванні. Гэты рычаг называўся “вадзіла”. Цэнтральны слуп, як і іншыя дэталі канструкцыі, рабіўся з дуба. Сцены Адэльскага ветрака былі зроблены з дубовых дошак, якія мацаваліся паміж сабой з дапамогай спецыяльных кліноў без выкарыстоўвання цвікоў.

Дах і пярэдняя сценка ветрака першымі сустракалі вецер і дождж. Яны былі пакрыты дранкай, якую па меры неабходнасці замянялі на новую.

У Адэльску і яго ваколіцах у пачатку ХХ стагоддзя працавала 11 ветраных млыноў.

Самым трывалым млыном аказаўся вятрак альбіна Будрэвіча, які малоў муку яшчэ ў 70-я гады ХХ стагоддзя. Але ў 2002 годзе падчас моцнай навальніцы млын быў разбураны ветрам.

Каля гэтага ветрака любілі рабіць фота жыхары Адэльска, таму, дзякуючы старым фотаздымкам, мы сёння ведаем, як выглядаў апошні Адэльскі вятрак.