Музей бібліятэчнай справы

У 2011 годзе быў створаны адзіны ў Гродзенскай вобласці музей бібліятэчнай справы. У 2019 годзе музей быў перамешчаны ў чытальную залу Іўеўскай раённай бібліятэкі і перайменаваны ў музейную экспазіцыю “Бібліятэкі раёну: Падзеі. Дакумэнты. Людзі”.

Работнікамі бібліятэкі сабраны багаты матэрыял пра гісторыю бібліятэчнай справы раёна, які складаецца з архіўных дакументаў, успамінаў, публікацый і іншых матэрыялаў.

Цэнтральнае месца займае экспазіцыя, прысвечаная ветэранам бібліятэчнай справы раёна. З дапамогай фатаздымкаў адлюстравана хроніка мінулых гадоў з жыцця бібліятэк. Сабрана калекцыя узнагарод: Ганаровыя граматы, Падзячныя лісты, Дыпломы, якімі былі адзначаны ўстановы і іх супрацоўнікі.

Адным з цікавых экспанатаў з’яўляецца Ганаровая грамата Міністэрства культуры СССР за подпісам Кацярыны Фурцавай, якой была ўзнагароджана ў 1969 годзе бібліятэкар чытальнай залы Іўеўскай раённай бібліятэкі Марыя Васільеўна Гушча.

Асобна выдзелена экспазіцыя “Міжнароднае супрацоўніцтва”, у якой сабраны матэрыялы, буклеты, фатаздымкі, якія прасочваюць ўдзел бібліятэк раёна ў міжнародных праектах.

Асаблівая каштоўнасць музея – кнігі з аўтографамі пісьменнікаў: Максіма Танка, Генадзя Бураўкіна, Юрыя Татарынава, Эдуарда Акуліна, Вольгі Іпатавай, Івана Каренды, Дануты Загнетавай, Валерыя Квілорыя, Таццяны Дашкевіч, Уладзіміра Ягоўдзіка.

Цікавасць у наведвальнікаў выклікаюць такія кнігі, як “Архипелаг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына з аўтографам удавы пісьменніка, “Лев Толстой. Бегство из рая” Паўла Басінскага з аўтографам аўтара і іншыя, падораныя музею Ядвігай Юферавай, зямлячкай, заслужаным работнікам культуры, акадэмікам Акадэміі расійскай прэсы, намеснікам галоўнага рэдактара “Российской газеты”, ганаровым грамадзянінам горада Іўе.

У музеі можна пазнаёміцца ​​з унікальнымі выданнямі, напісанымі супрацоўнікамі бібліятэкі: летапісам горада Іўе “Гісторыя. Падзеі. Людзі”, зборнікам прозы і паэзіі “Іўеўшчына літаратурная”, выданнем, прысвечаным 70-годдзю вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў “Нам жыць і помніць”. Акрамя таго, сабраны летапісы вёсак, створаныя супрацоўнікамі бібліятэк раёна.

Інфармацыю пра музей можна атрымаць па спасылцы: http://www.ivie-lib.by/pages/muzei-bibliotechnogo-dela.html

Адрас: г. Іўе, вул. 1 мая, 4, Іўеўскі раён

Час працы: 10.00-19.00.

Выхадны дзень: субота.

Санітарны дзень: апошняя серада месяца

Тэлефон: +375 1595 2-19-31