Словам родным дакранёмся да сэрца

Дзень беларускага пісьменства – гэта свята з глыбокімі каранямі. Кожнае напісанае слова, кожная прачытаная кніга – гэта не проста літары на паперы, а цаглінка ў будынку нашай нацыянальнай культуры, якую мы перадаём наступным пакаленням.

Горад Ліда 6-7 верасня сустракаў гасцей на святкаванні XXXII Дня беларускага пісьменства. Для жыхароў горада і гасцей свята былі падрыхтаваны розныя тэматычныя выставы і экспазіцыі, творчыя сустрэчы, прэзентацыі кніг, інтэрактыўныя пляцоўкі. Асаблівае месца ў гэты святочны дзень займала Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Розныя лакацыі, майстар-класы, творчыя выставы і інтэрактыў – усё гэта быў арт-квартал “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…”.

Майстар-клас “Росчырк гусіным пяром” – унікальны майстар-клас па пісьму і каліграфіі, які можна апісаць так – прыгожыя літары, думкі і справы. Падчас майстар-класа госці Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы мелі ўнікальную магчымасць дакрануцца да пісьменства “сваімі рукамі” – пазнаёміцца з асноўнымі формамі старажытнага пісьма і напісаць па ўзорах літары і словы (скажам, сваё імя) статутам, паўстатутам, вяззю і скорапісам, а таксама даведацца цікавыя факты.

Унутрыбібліятэчны конкурс “Кніга твайго фармату” раскрыў творчыя здольнасці супрацоўнікаў бібліятэк Лідчыны. Фармат, тэматыка, сукупнасць матэрыялаў і тэхнік – кожная кніга, як асобны твор мастацтва.

Лідскі замак – гэта выдатны помнік абарончага мастацтва 14-15 стагоддзяў. Пабудаваны ў 1323 годзе па даручэнні князя Гедыміна. Галоўная славутасць г.Ліда стала асновай лакацыі “Горад, сэрцу дарагі” на арт-квартале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Тут можна было зрабіць крэатыўныя фота, сабраць пазлы і прыняць удзел у інтэрактыўнай віктарыне “Жанравая скульптура горада”. Выданні пра горад Ліда прыадкрылі таямніцы прыгожага горада з жаночым імем.

Інтэрактыўная пляцоўка “Разам з кнігай мы расцём” філіялаў “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” і “Лідская гарадская бібліятэка №3” стала сапраўднай гульнявой краінай для юных гасцей свята. Інтэрактыўныя, лагічныя гульні, фотазоны для юных прынцэс, гіганцкія размалёўкі, загадкі і казачныя віктарыны – малая частка “дзіцячага вострава” на пляцоўцы Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

6-7 верасня на пляцоўцы Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прайшла аўтограф-сесія “Слова паэту”. Тут пісьменнікі не толькі дэманстравалі сваё майстэрства, але і адказвалі на пытанні, распавядалі пра творчы працэс. Чытанне вершаў і іншых твораў часта суправаджалася падпісаннем кніг. Гэта было і актам дарэння, і спосабам захаваць успамін пра сустрэчу з аўтарамі. На пляцоўцы пабывалі як лідскія пісьменнікі, так і госці з Беларусі – Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, Мікалай Ждановіч, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2025 г.), Алег Зайцаў, в.а. старшыні Савета і Прэзідыума Савета Беларускага літаратурнага саюза “Полоцкая ветвь”, Сяргей Сіткевіч, член “Саюза паэтаў Санкт-Пецярбурга”, члены літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” і іншыя.

У святочныя дні прайшоў круглы стол на тэму “80 гадоў Вялікай Перамогі: бібліятэчныя ініцыятывы і праекты”. У працы круглага стала прыняў удзел генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін. Падчас мерапрыемства даклады прадставілі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, бібліятэчныя работнікі Гродзеншчыны і Брэстчыны. Бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Курбыка Галіна Раманаўна выступіла з дакладам “Становіцца гісторыяй вайна”, дзе дасканала раскрыла сутнасць творчага патрыятычнага праекта “Памяць у спадчыну”.

Урачыстае адкрыццё новага арт-аб’екта – мурала на фасадзе будынка Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы – адбылося 6 верасня на святкаванні XXXII Дня беларускага пісьменства. Атмасферу свята стваралі творчыя калектывы горада. Мастацкі роспіс на сценах гэтага будынка ў цэнтры горада стаў адным са шматлікіх маляўнічых арт-аб’ектаў у рамках праекта “Традыцыі дзеля будучыні”, які ўжо некалькі гадоў рэалізуе ААТ “ААБ Беларусбанк”. Ідэя малюнка належыць супрацоўнікам аддзела бібліятэчнага маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы, мастацкае афармленне фасада бібліятэкі выканана таленавітым мастаком Пахомчыкам Канстанцінам Віктаравічам (г.Мінск).

Ганаровым госцем Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы стаў Анатоль Мечыслававіч Маркевіч – беларускі дзяржаўны дзеяч, Кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску, які ў перыяд з 2020 па 2024 год займаў пасаду Міністра культуры Рэспублікі Беларусь. Супрацоўнікі бібліятэкі прэзентавалі лакацыі, якія ўваходзілі ў арт-квартал, азнаёмілі з абноўленай бібліятэкай, праектамі і сучаснымі напраўленнямі працы.

У адзін са святочных дзён госці і жыхары горада Ліда маглі наведаць прэзентацыю кнігі “Время выбрало”. У красавіку 2025 года на аснове ўнікальнага праекта выдавецкага дома “Беларусь сегодня” выдавецкім домам “Звязда” быў падрыхтаваны і выпушчаны 448-старонкавы фаліянт. У аснову гэтага ўнікальнага выдання былі пакладзены матэрыялы цэнтральнай перыёдыкі краіны за 1994-2025 гады – больш за 20 тысяч выпускаў пяці газет. Аўтары выдання прадставілі рэтраспектыву станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці ў перыяд суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. Усе, хто стаяў ля вытокаў уражлівага праекта – Дзмітрый Жук, Вольга Ануфрыева, Максім Осіпаў – сустрэліся з гасцямі свята, адказалі на пытанні, пакінулі аўтографы на памяць.

Выстава старадрукаваных царкоўных кніг “Крыніца мудрасці стагоддзяў” прайшла ў рамках XXXII Дня беларускага пісьменства ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка №4” 7 верасня. У экспазіцыі была прадстаўлена духоўная літаратура, выдадзеная ў XVIII-XX стагоддзях – як арыгіналы, так і факсімільныя копіі. Адметнасцю калекцыі стала самая старажытная кніга Лідскага рэгіёна – “Мінея” 1724 года, якая спецыяльна да свята была таксама выпушчана факсімільным спосабам тыражом у 50 экзэмпляраў. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы прыняў удзел епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Наведаць выставу прыйшлі жыхары горада і яго госці, для якіх духоўная спадчына адыгрывае важную ролю ў жыцці.

Родная мова – гэта не проста сродак зносін, гэта падмурак нашай культуры, гісторыі і самасвядомасці, таму свята беларускага пісьменства будзе прадоўжвацца: учора, сёння і заўсёды.