Прэзентацыя кнігі Таццяны Сямёнавай «Паэзія маёй душы»
28 мая ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла прэзентацыя кнігі Таццяны Сямёнавай «Паэзія маёй душы». Таццяна Іванаўна Сямёнава – дзіця вайны. У гэтым годзе яна адзначыла 90-гадовы юбілей, 80-годдзе Вялікай Перамогі – таксама важная дата ў яе жыцці, таму што менавіта яе пакаленне чакала гэтую Перамогу і менавіта яе пакаленне адчула ўсю гаркату страт той вайны і ўсю радасць вызвалення. Таксама гэты год праходзіць пад знакам «Ліда – сталіца беларускага пісьменства» і вельмі выдатна, што мы падтрымліваем, апраўдваем гэты статус. На літаратурнай сустрэчы прагучалі аўтарскія вершы на розную тэматыку, у тым ліку прысвечаныя Радзіме, сям’і, прыродзе, сябрам. Асоба гучалі вершы пра вайну. Уклаўшы ў кожнае слова частку сваёй душы, Таццяна Іванаўна змагла перадаць не толькі ўвесь жах вайны, але і веліч Перамогі, увесь гонар за гераізм і мужнасць нашага народа. Салісты эстраднай студыі ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Ліды» выканалі музычныя кампазіцыі на вершы Таццяны Сямёнавай. А навучэнцы ўстановы павіншавалі паэтку музычнымі нумарамі. «Сустрэча з Таццянай Іванаўнай Сямёнавай, з яе паэзіяй, з яе песнямі – гэта цудоўна, гэта запала ў сэрца на ўсё жыццё. Светлы свет паэзіі Таццяны Іванаўны пакарыў гледачоў. Прыйшлося не раз заплакаць – так душэўна, шчыра гучалі вершы і песні», – такія водгукі пакінулі гледачы пасля сустрэчы. А кніжны фонд Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы папоўніўся новай кнігай Т. Сямёнавай «Паэзія маёй душы».