Новыя прыгоды гарадскога дамавічка
Петрашкевіч, М. Г. Новыя прыгоды гарадскога дамавічка : аповесць-казка / Марына Петрашкевіч . – Мінск : Звязда, 2023. – 104 с.
Шмат гадоў пражыў у вясковай хаце дамавік Сеня. Калі вёска ўвайшла ў межы горада, гаспадары старой хаты атрымалі кватэру ў сучасным доме, а Сеню не запрасілі пераехаць разам з імі. Засмучаны бяздомны дамавічок вандруе па варожым яму горадзе ў пошуках жылля і трапляе ў розныя прыгоды. Так пачынаецца гісторыя Сені на старонках кнігі Марыны Петрашкевіч “Новыя прыгоды гарадскога дамавічка” – працяг гэтай захапляльнай казкі.
З набліжэннем зімы Сеня развітваецца з сябрамі – дваровымі катамі і адпраўляецца на пошукі новага жылля – хаты з печчу. Пабадзяўшыся халоднай восеньскай ноччу па горадзе і зусім акалеўшы, дамавічок трапляе ў нейкі прыгожы трохпавярховы будынак. І толькі раніцай даведваецца, што гэта – бібліятэка, а дакладней – новы бібліятэчны адукацыйна-забаўляльны цэнтр для дзяцей. У велізарным будынку акрамя бібліятэкі знаходзіліся кіназала, кафэ, трэнажорная зала, цір, лядовая міні-пляцоўка, жывы куток…
Неўзабаве Сеня знаёміцца з жыхарамі жывога кутка: папугаем какаду Кешай, вожыкам Шустрыкам, трусам Цішкай, хамяком Моцяй. Дамавік дапамагае ім здейсніць свае мары: ноччу, калі ў бібліятэцы адсутнічаюць наведвальнікі, вольна вандраваць па будынку. А папугай Кеша знаходзіць для Сені жыллё: невялікі макет хаты з цёплай печчу ў музеі побыту беларускіх сялян.
Разам з новымі сябрамі дамавічок трапляе ў неверагодныя прыгоды і авантуры…
Паглыбляйцеся ў сюжэт, падключайце фантазію – зазірніце ў незвычайную бібліятэку і даведайцеся пра ўсе яе сакрэты!
За кнігай “Новыя прыгоды гарадскога дамавічка” звяртайцеся ў дзіцячы аддзел бібліятэкі па адрасе: вул. Савецкая, 25.