Літаратурныя чытанні “Слонімскія пісьменнікі – дзецям”
Вядома, што цудоўная Слонімская зямля вельмі шчодрая на літаратурныя таленты, сярод якіх ёсць і тыя, хто піша кнігі для дзяцей – гэта Аляксей Якімовіч і Уладзімір Ягоўдзік. Для таго, каб іх творчасць стала вядома больш шырокаму колу чытачоў, загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа” Чычыкайла М.А. арганізавала для выхаванцаў ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Слонімскага раёна” літаратурныя чытанні “Слонімскія пісьменнікі – дзецям”.
На літаратурнай сустрэчы прысутныя даведаліся цікавыя звесткі з жыцця і творчасці прапанаваных аўтараў і паслухалі іх кароценькія, але такія пазнавальныя і карысныя творы! Вялікую цікавасць у маленькіх слухачоў выклікалі беларускія народныя легенды ў мастацкай перапрацоўцы Уладзіміра Ягоўдзіка. Так, легенда “Адкуль беларуская песня” растлумачыла адкуль узяліся шматлікія беларускія песні, легенда “Бусел” расказала, як у Беларусі з’явіліся буслы, мясцовая легенда паведаміла пра знакаміты помнік прыроды “Расколаты камень”, які знаходзіцца непадалёк ад вёскі Якімавічы Слонімскага раёна, а з легенды “Пячорны леў” дзеці даведаліся чаму ў Беларусі не жывуць ільвы.
Творы Аляксея Якімовіча ўдзельнікі мерапрыемства пажадалі прачытаць самастойна па ролях. З вялікім задавальненнем яны паспрабавалі сябе ў вобразах персанажаў з казкі “Чаму звяры сталі вітацца?” і з павучальнага апавядання “Хто самы добры?”.
Дзецям вельмі спадабаліся творы, якія яны прачыталі і абмеркавалі разам, а бібліятэкар запрасіла юных чытачоў абавязкова прыйсці ў бібліятэкі горада за кнігамі Аляксея Якімовіча і Уладзіміра Ягоўдзіка!