Лепшы горад Зямлі
Лепшы горад Зямлі: зборнік літаратурна-мастацкіх твораў да 895-годдзя горада Гродна / [аўтар ідэі Л. А. Кебіч; прадмова А. Э. Сабуць; складальнікі: Л. А. Кебіч і інш.]. – Гродна: ЮрСаПрынт, 2023. – 179 c.
Гродна – адзін з самых старажытных і ўнікальных гарадоў Беларусі, які мае багатую на падзеі гісторыю, безліч старадаўніх помнікаў, збудаванняў, цікавых людзей, якія здзіўляюць і зачароўваюць кожнага, хто наведвае яго. Горад-музей, каралеўскі горад, горад замкаў, горад храмаў – усё гэта пра Гродна. Сёння Гродна – сучасны горад, буйны адміністрацыйны, прамысловы, навуковы і культурны цэнтр.
Кніга “Лепшы горад Зямлі” – творчая ініцыятыва Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У зборніку літаратурна-мастацкіх твораў, выдадзеным да 895-годдзя горада Гродна, змешчаны творы 47 аўтараў, як членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і аматараў. Сярод іх: Людміла Кебіч, Тамара Мазур, Святлана Глембоцкая, Таццяна Лугавая, Браніслаў Ермашкевіч, Мікалай Іваноўскі, Рыгор Гармаш, Наталля Чакліна-Гарбачова, Ганна Скаржынская-Савіцкая і іншыя. Усё гэта людзі розных узростаў і поглядаў на жыццё. Але яднае іх любоў да Гродна. Сам вобраз горада на Нёмане, такі блізкі і дарагі сэрцу кожнага жыхара.
Адкрывае змест кнігі ўступны артыкул лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі ў намінацыі «Літаратурная крытыка і літаратуразнаўства», члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, кандыдата філалагічных навук Аліны Сабуць “Гродна мае твар адметны: горад-казка, горад-рай: ушанаванне Гродна пісьменнікамі Гродзенскага краю (да юбілейнага 895-годдзя горада)”. У форме займальнай экскурсіі аўтар артыкула прапануе гістарычны агляд летапісных згадак, лірычных прысвячэнняў, краязнаўчых даследаванняў вобразу Гродна.
Пазнаёміцца з кнігай можна ў аддзеле краязнаўства (вул. Карбышава, 17, каб. 107). Тэл.: 71-89-54.