Знаёмая і незнаёмая Гродзеншчына

У межах раённага прафесійнага конкурсу «Гісторыя адной кнігі» супрацоўнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі правялі кразнаўчую вандроўку «Знаёмая і незнаёмая Гродзеншчына» па кнізе беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага «Вясёлка над Нёманам».

Падчас захапляльнага падарожжа па ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці выхаванцы летняга прышкольнага лагера «Улыбки детства» адкрылі для сябе новыя куточкі сваёй Бацькаўшчыны. На асобных «станцыях» кожнага раёна дзеці атрымлівалі цікавую інфармацыю і выконвалі разнастайныя заданні.

Асабліва цікавым і змястоўным атрымалася «наведванне» малой радзімы – Іўеўшчыны: на станцыі «Геральдыка» ўдзельнікі пагутарылі пра гісторыю і геральдыку горада Іўе,  паслухалі гімн горада на словы і музыку І. Раманчука, дзяўчынкі прынялі ўдзел у гульні-пантаміме «Пакажы Еву». На станцыі «Славутыя мясціны» дзеці сталі экскурсаводамі і расказалі пра цікавыя мясціны горада. Наведвальнікі прыпынку «Нашы зямлякі» даведаліся пра творчыя дасягненні вядомых землякоў, якіх узгадвае У. Ліпскі ў сваёй кнізе «Вясёлка над Нёманам», адгадвалі загадкі і чыталі вершы пісьменніка-земляка І.А. Карэнды, гулялі ў гульню «Юныя археолагі», прысвечаную археолагу-земляку Л.Д. Побалю.

Краязнаўчая вандроўка «Знаёмая і незнаёмая Гродзеншчына» па матывах кнігі «Вяселка над Нёманам» Уладзіміра Ліпскага дазволіла ўдзельнікам яшчэ раз адчуць і зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай краіне.