Азбука жыцця

Ліпскі, У. С. Азбука жыцця: кніга для дзяцей / Уладзімір Ліпскі. − 2-е выд., перапрацаванае і дапоўненае. − Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2025. − 248 с.
Дзіцячы аддзел прапануе чытачам перавыданне кнігі Уладзіміра Ліпскага − пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Гэта азбука, але незвычайная, а “вельмі патрэбная краіна Букварыя”. Вядомы беларускі пісьменнік прапануе “і складаныя, і не зусім зразумелыя, і простыя” словы на кожную літару беларускага алфавіта. У простай займальнай форме, з дамашнімі заданнямі, Уладзімір Ліпскі прапануе сваім чытачам здзейсніць творчую вандроўку ў гісторыю нашай Айчыны і ў яе сучаснасць, засвоіць складаную і мудрую Азбуку жыцця.
Айчына, Беларусь, выхаванне, грамадства, дэмакратыя, еднасць… Асновы разумення навакольнага свету… Факты і прыклады на кожнае слова, каб маленькія чытачы здолелі зразумець пытанні грамадскага жыцця, захацелі паразважаць аб прачытаным.
У кнізе таксама ёсць рэбусы і красворды для замацавання матэрыялу ў займальнай форме.
“Азбука жыцця” адрасавана дзецям розных узростаў. Яна будзе цікавая як малодшым школьнікам, падлеткам, старэйшым вучням, так і настаўнікам, выхавальнікам, бацькам, усім тым, хто працуе з дзецьмі.
Дарослыя чытачы знойдуць прадмову Грыгорыя Васілевіча, доктара юрыдычных навук, прафесара, заслужанага юрыста Беларусі і прывітальны зварот да чытачоў самога аўтара.
Рэкамендацыі па выкарыстанні кнігі на занятках з дзяцьмі таксама ў выглядзе алфавіта – метадычнага. Гэта прадмова Ірыны Буторынай – кандыдата педагагічных навук, дацэнта кафедры беларускага і рускага мовазнаўства факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка.
Усіх зацікаўленых чытачоў чакаем у дзіцячым аддзеле абласной бібліятэкі на Савецкай, 25.