Бібліятэка як прастора для навучання, развіцця, зносін і адпачынку
30-31 кастрычніка адбыўся міжабласны семінар “Бібліятэка як прастора для навучання, развіцця, зносін і адпачынку”. Мерапрыемства сабрала дырэктараў бібліятэчных сістэм Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. На працягу двух дзён спецыялісты з рэгіянальных бібліятэк дзяліліся паспяховым вопытам работы, уключаючы практычныя прыклады ўкаранення праграм для дзяцей і моладзі, разважалі пра магчымасці выкарыстання сучасных тэхналогій для паляпшэння абслугоўвання карыстальнікаў, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў бібліятэчнай дзейнасці, гаварылі пра электронныя рэсурсы, базы дадзеных і анлайн-сэрвісы. Адмысловая ўвага была нададзена патрыятычным праектам як аснове захавання і папулярызацыі гістарычнай памяці. Таксама бібліятэчныя работнікі дзяліліся сваім досведам укаранення інтэрактыўных праграм, арганізацыяй дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў і г.д.
Кіраўнікі дзяржаўных устаноў бібліятэчнага тыпу абазначаных абласцей наведалі Мастоўскую раённую бібліятэку і Скідзельскую гарадскую бібліятэку сямейнага чытання, сельскія ўстановы аграгарадкоў Квасоўка Гродзенскага і Гудзевічы Мастоўскага раёнаў, дзе пазнаёміліся з іх работай, паслугамі для насельніцтва, наватарскімі праектамі, даведаліся пра асаблівасці абслугоўвання мясцовых жыхароў, абмеркавалі метады прыцягнення карыстальнікаў.
Акрамя таго, была арганізавана экскурсія ў Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, дзе ўдзельнікі змаглі даведацца больш аб культурнай спадчыне рэгіёну.
У межах семінара бібліятэчная супольнасць Брэсцкай і Гродзенскай абласцей усклалі кветкі да помніка “Скорбящая мать”, усталяванаму ў памяць аб расстраляных жыхарах в. Княжаводцы падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэтая акцыя стала сімвалам памяці і павагі аб трагічных старонках гісторыі.
Семінар прайшоў у атмасферы актыўнага абмеркавання і стаў карыснай платформай для абмену вопытам і ідэямі ў працы. Удзельнікі адзначылі важнасць прадаўжэння такіх сустрэч для далейшага развіцця бібліятэчнай супольнасці, важнасць абмену вопытам і ўкаранення інавацыйных падыходаў у бібліятэчную справу.