Сустрэча з маладзёжным брацтвам Храма іконы Божай Маці “Всех скорбящих Радость”

Маладзёжнае братэрства Храма іконы Божай Маці “Всех скорбящих Радость” наведала Белавіцкую Свята-Пакроўскую царкву, дзе адбылася сустрэча з прыхаджанкай храма Рахунок Марыяй Уладзіміраўнай – бібліятэкарам Зарудаўеўскай сельскай бібліятэкі.

У 2023 годзе ГУК “Мастоўская раённая бібліятэка” філіял “Зарудаўеўская сельская бібліятэка” ўдзельнічала ў Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання” у намінацыі “Гісторыя праваслаўя роднага краю”, за “Летапіс Свята-Пакроўскай царквы” вёскі Белавічы Зарудаўеўская сельская бібліятэка атрымала 1-е месца.

Марыя Ўладзіміраўна падзялілася сваімі ўражаннямі і эмоцыямі, якія адчула падчас узнагароджання, калі сам мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі узнагароджваў за перамогу ў конкурсе.

Бібліятэкар пазнаёміла прысутных з летапісам “Свята-Пакроўскай царквы”. Падзялілася, як збіралася інфармацыя па гісторыі храма, як вяліся пошукі інфармацыі ў інтэрнэце, з літаратурай краязнаўчага характару, перапіскай у сацыяльных сетках, розных архівах, гутарках са старэйшымі прыхаджанамі, якія дзяліліся ўспамінамі і фота з асабістых архіваў. Разам з супрацоўнікамі маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці раённай бібліятэкі была праведзена клапатлівая праца па вывучэнні рарытэтных дакументаў. Расказала як апрацоўваўся матэрыял, як афармлялася работа.

Кожны з прысутных меў магчымасць праглядзець работу, пазнаёміцца з артэфактамі і фотаздымкамі. Задаваліся розныя пытанні, што падштурхнула да напісання летапісу, аб рабоце і асабістым жыцці.

Пагутарыўшы з удзельнікамі маладзёжнага братэрства радуецца душа, што ў нас ёсць такія цікавыя, шчырыя, адкрытыя, усебакова развітыя асобы, якім неабыякава гісторыя, з якім цікава гутарыць на любыя тэмы.