Дні роднай мовы распачаліся!

Сёння традыцыйна святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы. У дзіцячым аддзеле абласной бібліятэцы ладзяцца мерапрыемствы, якія прысвечаны павазе і распаўсюджванню нашай мілагучнай мовы.
У АРТ-прасторы ўсе жадаючыя могуць захапіцца малюнкамі маленькіх выхаванцаў (і іх бацькоў) спецыяльнага садка № 21 на выставе “Казкі вакол нас”. Экспазіцыя арганізавана дзякуючы сацыяльнаму партнёрству ў рамках праекта “Бібліятэка. Інклюзія. Культура”. Творчыя працы юных мастакоў прысвечаны сюжэтам беларускіх народных казак: вы знойдзеце Піліпку-сынка, Коціка, Пеўніка, Лісіцу ці Казу-манюку і іншых вядомых фальклорных персанажаў.
Кніжная выстава “#РоднаеГоднае” пазнаёміць наведвальнікаў з творамі беларускіх пісьменнікаў-класікаў, а таксама з зусім новымі выданнямі сучасных аўтараў. Акрамя таго, прадстаўлена серыя “Таямніцы беларускай мовы”, “Словы-дзедкі і словы-дзеткі: гістарызмы і неалагізмы”, “Адным словам не сказаць: безэквівалентная лексіка”, “Знаёмыя незнаёмцы: сакрэты літар” і інш. Гэта кнігі, праз якія і дзеці, і дарослыя змогуць адкрыць для сябе шмат цікавага ў свеце мовы.
Дашкалятам з дзіцячага садка № 25 была прапанавана літаратурна-гульнёвая праграма “Мова родная – мова модная”. Дзеці пазнаёміліся з прыказкамі і прымаўкамі, узгадалі казачных герояў, праявілі кемлівасць пры разгадванні загадак, а таксама “пачаставалі” гасцей у гульні “Добры гаспадар”.