Нябесная заступніца зямлі беларускай

Супрацоўнікі Гродзенскай бібліятэкі пабывалі ў дзіцячым садку № 35. Сустрэча была прысвечана гісторыі Полацкай зямлі і самай слаўнай ураджэнцы яе – Еўфрасінні Полацкай – выдатнай асветніцы ХІІ стагоддзя і апякунцы Беларусі.

У мерапрыемстве прымаў удзел дзіцячы аддзел бібліятэкі і настаяцель Храма роўнаапостальнага князя Уладзіміра протаіерэй Аляксандр Велісейчык. Протаіерэй у сваім слове растлумачыў дашкольнікам паняцце “святасць”, паведаміў аб жыццёвым подзвігу Еўфрасінні, а таксама пазнаёміў з сапраўднай старадаўняй кнігай.

Дзеці адправіліся ў медыяпадарожжа па жыцці і дзейнасці святой Еўфрасінні Полацкай, даведаліся пра лёс заснаваных ёю манастыроў, пра бясцэнныя рэліквіі, якія сталі нацыянальным здабыткам беларускага народа.

Усім прысутным давялося пабываць на віртуальнай экскурсіі па скрыпторыуме − кніжнай майстэрні, а таксама паспрабаваць сябе ў якасці перапісчыка кніг.

Увазе прысутных былі прадстаўлены кнігі з фондаў абласной бібліятэкі, прысвечаныя славутай асветніцы.