Кіраўнік. Настаўнік. Калега

14 студзеня спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Іосіфавіча Дубко, беларускага дзяржаўнага дзеяча, Героя Сацыялістычнай Працы (1982 г.), Героя Беларусі (2001 г.), кавалера 2–х ордэнаў Леніна, ордэнаў Айчыны III ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знака Пашаны”.
З 1960 г. пачаўся яго працоўны шлях: працаваў аграномам, дырэктарам вучэбнай гаспадаркі “Станіславова” Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Бераставіцкага раёна, старшынёй калгаса “Прагрэс” Гродзенскага раёна. За гады яго кіраўніцтва гаспадарка па многіх паказчыках выйшла на перадавыя пазіцыі і стала адной з вядучых у краіне.
У 1994-2001 гг. – старшыня Гродзенскага аблвыканкама. Пад яго кіраўніцтвам Гродзеншчына ператварылася ў высокаразвіты індустрыяльна-аграрны і культурны рэгіён краіны.
У 1998 годзе ў гонар Аляксандра Іосіфавіча заснавана штогадовая прэмія Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”, якой былі адзначаны і супрацоўнікі Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага. У 2012 г. пачала прысуджацца штогадовая прэмія імя А.І.Дубко ў галіне адукацыі. З 2002 года ў Гродна праводзіцца Міжнародны турнір па хакею з шайбай памяці А.Дубко, з 2014 г. – Міжнародны турнір па баскетболу. У 2010 г. імя Аляксандра Дубко прысвоена новай вуліцы нашага горада.
З гэтай нагоды абласная бібліятэка запрашае пазнаёміцца з адкрытым праглядам літаратуры “Кіраўнік. Настаўнік. Калега”, які дзейнічае ў галоўным корпусе бібліятэкі па адрасе: вул. Карбышава, 17 (другі паверх).
Будзем рады бачыць Вас!