Бібліятэка ў кіно, ці кіно ў бібліятэцы

Штогод 17 снежня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага кіно. З гэтай нагоды ў кінатэатры “Космас” быў арганізаваны прэм’ерны паказ анімацыйных стужак, створаных Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм” у 2022 годзе – “Сон в зимнюю ночь” (рэжысёр Алена Пяткевіч) і “Классики и шахматы” (рэжысёр Наталля Касцючэнка).
21 снежня ў кінатэатры “Космас” адбылася сустрэча навучэнцаў сярэдняй школы № 7 з мастаком-пастаноўшчыкам мультфільма “Сон в зимнюю ночь” Даніілам Жюгждай. Ён распавёў гледачам пра працэс стварэння мультфільмаў, пра асаблівасці сваёй прафесійнай працы, пра новыя праекты. Юныя гледачы мелі магчымасць задаць госцю пытанні.
Анімацыйны фільм “Классики и шахматы” прысвечаны юбілейнай даце – 140-годдзю з дня нараджэння знакамітых класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з творчасцю беларускіх класікаў праз займальную гульню-дуэль у шахматы. На паказе прысутнічала мастак-аніматар мультфільма Таццяна Нагорская.
Да Дня кіно супрацоўнікі дзіцячага філіяла абласной навуковай бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу “З кніжнай паліцы на вялікі экран”, дзе былі прадстаўлены экранізаваныя выданні беларускіх і расійскіх пісьменнікаў. Перад кінасеансам гледачы мелі магчымасць пазнаёміцца з мастацкімі творамі Я. Коласа, Я. Купалы, І. Мележа, І. Шамякіна, У. Караткевіча, Я. Маўра, К. Крапівы і інш.
Бібліятэкары шчыра ўдзячныя калектыву кінатэатра “Космас” за арганізацыю сумесных мерапрыемстваў.