Старт акцыі «Нашы дзеці» ў абласной бібліятэцы!

Традыцыі вядомай пісьменніцы, нашай зямлячкі Элізы Ажэшкі працягваюцца!

Дабрачынныя Калядныя сустрэчы для дзетак, якія знаходзяцца пад апекай дзяржавы, супрацоўнікі Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага ладзяць з 2004 года.

Менавіта сёння, 15 снежня, у доме пісьменніцы стартавала рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці». У цікавы навагодні Кніга-квэст адправіліся выхаванцы Гродзенскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з аграгарадка Лойкі. Літаратурныя загадкі, майстар-клас па навагодніх танцах, інтэрактыўная крыжаванка на роднай мове, незабыўныя прыгоды ў віртуальным свеце і спатканне з пісьменніцай Вікторыяй Карась і яе кнігай “Домік добрай казкі” чакалі дзетак на розных станцыях.

Шчырыя словы віншавання прагучалі ў адрас юных удзельнікаў свята ад начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алены Віктараўны Клімовіч і сацыяльнага партнёра бібліятэкі Гродзенскага філіяла АСБ «Беларусбанк».

Кнігі, канцылярскія тавары, салодкія пачастункі і, самае галоўнае, цёплыя хвілінкі радасці і дабрыні атрымалі дзеці ў гэты снежаньскі дзень.

Калектыў абласной бібліятэкі шчыра дзякуе ўсім чытачам за добрыя сэрцы і праяўленую актыўнасць падчас акцыі «З любоўю ад Элізы Ажэшкі»!

Нашым дзецям усё самае лепшае!