Беларускае саломапляценне ў ЮНЕСКА

Снежань адзначаны для Беларусі радаснай навіной: на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Марока прынята рашэнне аб уключэнні беларускай намінацыі “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Беларускія вырабы з саломкі не маюць аналагаў у свеце, з’яўляюцца яркай нацыянальнай формай выяўлення духоўных каштоўнасцей і мастацкіх традыцый беларусаў. У Беларусі гэты від рамяства набыў новае жыццё, узбагаціў арсенал народнага мастацтва новымі знаходкамі, стаў масавым відам сучаснай мастацкай творчасці. Вызначэнне “беларуская саломка” набыло значэнне нацыянальнага брэнда. Мастацкія вырабы і сувеніры з саломкі беспамылкова асацыююцца з нашай краінай, сведчаць аб творчых здольнасцях і працавітасці беларусаў.
Запрашаем у аддзел мастацтва пазнаёміцца з цікавымі выданнямі, прысвечанымі вырабам з беларускай саломкі. Наша літаратура падкажа, як стварыць саламяныя ўпрыгожванні, фігуркі жывёл і казачных персанажаў, навагоднюю елку і г.д.
Чакаем вас у аддзеле мастацтва! Наш адрас: вул. Савецкая, 25 (уваход з боку вул. Калючынскай). Тэл. 62-03-12.