Гадавіны лістападаўскіх творцаў

Лістапад 2022 года адзначаны юбілеямі чатырох таленавітых беларускіх паэтаў і празаікаў. Да гэтай падзеі ў рамках цыкла кніжных выстаў “Гадавіны выдатных асоб і гістарычных падзей” аддзел абанемента падрыхтаваў наступныя экспазіцыі:
- “Якуб Колас. Няпросты шлях класіка”, дзе да 140-годдзя класіка дэманструюцца апошнія перавыданні твораў песняра зямлі беларускай і дакументальна-біяграфічная, багатая на сямейныя фотаздымкі, кніга “Табой я жыў, табой жыву…”, цалкам прысвечаная жонцы і спадарожніцы жыцця Якуба Коласа – Марыі Дзмітрыеўне Міцкевіч (Каменскай);
- “Цішка Гартны – летапісец свайго часу” да 135-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, гісторыка і публіцыста. У Зміцера Хвёдаравіча Жылуновіча (сапраўднае імя творцы) было неверагодна шмат розных псеўданімаў: Авадзень, Беларус, Мужык, Сымон Гляк, Зета, але самы вядомы з іх – Цішка Гартны. Менавіта пад ім ён напісаў большую частку сваіх твораў, выстаўленых на экспазіцыі: 1-ы і 2-гі том збору твораў у 4-х тамах, паэтычныя і празаічныя зборнікі “Насустрач сонцу”, “Завяўшая краса”, “Выбраныя творы”, раман “Сокі цаліны” і інш.;
- “Паўлюк Багрым – самародак з Крошына”, прысвечаная 210-годдзю з дня нараджэння першага беларускага сялянскага паэта і таленавітага каваля. На ёй выстаўлены літаратуразнаўчыя працы і зборнікі нарысаў, у якіх разам з іншымі выбітнымі паэтамі Беларусі аналізуецца постаць Паўлюка Багрыма і яго найбольш вядомы верш – “Зайграй, зайграй, хлопча малы…”: Александровіч С. Х. “Тут зямля такая”; Ляшук В. Я. “Літаратурная Берасцейшчына”; Марціновіч А. А. “Хто мы, адкуль мы…”; Цвірка К. А. “Камяні тых сядзібаў” і інш.;
- “І родны дом, і цэлы свет Валянціна Лукшы” да 85-цігадовага юбілею беларускага пісьменніка, перакладчыка, публіцыста, аўтара п’ес, пастаўленых на тэатральнай сцэне, тэлебачанні і радыё, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя П. Броўкі і Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Экспазіцыя змяшчае кнігі вершаў і паэмаў творцы: “Адзіны ў свеце край”, “Споведзь”, “Белыя берагі”, “Сляды памяці”, “Батлейка”, “Аркестар”, лібрэта опэры “Барвовы золак” і інш.
Азнаёміцца з выставамі можна ў аддзеле абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.