Букецік цеплыні ад Ганны Скаржынскай-Савіцкай

19 кастрычніка ў межах Тыдня бацькоўскай любові ў абласной бібліятэцы прайшла літаратурная імпрэза “Маме я нясу букецік”. З выхаванцамі дзіцячага сада №3 сустрэлася беларуская пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая.

Ганна Іосіфаўна расказала, што натхняе яе на стварэнне малюнкаў да сваіх твораў, адкуль прыходзяць ідэі для казак і апавяданняў. З вялікім задавальненнем дзеці слухалі цёплыя вершы пра маму, пра сяброўства, пра залатую восень. Выхаванцы вандравалі па старонках кніг “Небесная криничка”, “А ў нас – зорны час!”, “Казкі-чамучкі”. Разам з казачным хамячком Тошкам шукалі сяброў – вавёрку Адважку, сурка Сапунка, сусліка Грызліка, а таксама змагаліся з яго ворагамі – лісой Хітрычкай і ваўком Шэрым.

Напрыканцы сустрэчы пісьменніца прачытала свой верш “Маме я нясу букецік”. Ганна Іосіфаўна ўручыла хлопчыкам і дзяўчынкам па аднаму прыгожаму асенняму лісціку і прапанавала сабраць яркі кастрычніцкі букет для матуль і выхавальнікаў.

Літаратурная імпрэза атрымалася вельмі цёплай і пакінула шмат прыемных эмоцый і яркіх ўражанняў.