ХVІІ Гарадзенскія чытанні адбыліся

27 кастрычніка ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы адбыліся XVІІ Абласныя Гарадзенскія чытанні “Спартыўнае жыццё Гродзеншчыны: гісторыя, дасягненні”.

Сёлета мерапрыемства прайшло ў новым фармаце. У першай частцы свае навуковыя даклады прадставілі бібліятэкары, краязнаўцы, навуковыя супрацоўнікі, трэнеры і выкладчыкі, якія пазнаёмілі прысутных з гісторыяй спорту на Гродзеншчыне, развіццём і папулярызацыяй розных спартыўных дысцыплін, гаварылі аб праблемных пытаннях і абмяркоўвалі шляхі іх вырашэння. Члены Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі прадставілі серыю кніг “Звёзды Гродненского спорта”.

Ганаровымі гасцямі другой часткі мерапрыемства сталі знакамітыя алімпійскія чэмпіёны Алена Ваўчэцкая і Андрэй Барбашынскі. Зоркі беларускага спорту ў межах дыялогавай пляцоўкі “Мой шлях да поспеху” сустрэліся з моладдзю нашага горада. Імпрэза атрымалася вельмі эмацыйнай. Алена Уладзіміраўна і Андрэй Станіслававіч дзяліліся з прысутнымі гісторыямі са свайго спартыўнага жыцця, адказвалі на пытанні, давалі парады.

XVІІ Гарадзенскія чытанні сталі важнай падзеяй у дзейнасці навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага і неўзабаве пачнецца падрыхтоўка да наступных.