Сустрэча з “ЛіМам”

У гэтым годзе газета “Літаратура і Мастацтва” святкуе свой 90-гадовы юбілей! 23 верасня ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага адбылася прэзентацыя штотыднёвіка, на якой прысутнічаў галоўны рэдактар Аляксей Чарота. Аляксей Іванавіч падзяліўся гісторыяй стварэння і развіцця перыядычнага выдання і падкрэсліў, што газета прадстаўляе творчасць аўтараў з усёй Беларусі і асабліва запрасіў маладых пісьменнікаў да супрацоўніцтва.
На мерапрыемстве свае творы чыталі: Людміла Кебіч, Дзмітрый Радзівончык, Людміла Мілоста, Вікторыя Смолка. Браніслаў Ермашкевіч з цёплай настальгіяй расказаў пра свае першыя публікацыі ў “ЛіМе” і ў знак падзякі падарыў сваю кнігу галоўнаму рэдактару газеты, а кіраўнік народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Аляксандр Закрэўскі ўпрыгожыў сустрэчу музычнымі творамі.
Цікавым гэта мерапрыемства было для студэнтаў філалагічнага факультэта і факультэта журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Навучэнцы дазналіся пра ўклад газеты ў журналісцкую і мастацкую справу, задавалі пытанні, знаёміліся з калектывам рэдакцыі.
З нумарамі штотыднёвіка “Літаратура і Мастацтва” запрашаем пазнаёміцца ў аддзеле перыядычных выданняў (вул. Карбышава, 17).