Запіскі з дзённіка Элізы Ажэшкі

Імя Элізы Ажэшкі яшчэ пры жыцці ўпісалася залатымі літарамі ў гісторыю сусветнай літаратуры. Творчасць славутай пісьменніцы ўвабрала ў сябе ўсе фарбы і адценні жыцця наднёманскага краю. Большасць сваіх празаічных твораў, перакладзеных сёння на шматлікія мовы народаў свету, яна напісала ў Гродне. “Каралеву польскай прозы” двойчы вылучалі на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

6 і 7 верасня ў юнацкім філіяле абласной бібліятэкі адбыліся паседжанні літаратурна-музычнага салона “У пані Элізы”. Тэма сустрэч: “Праяўленне асобы Элізы Ажэшкі ў дзённіку і лістах”.

Гасцямі салона былі навучэнцы першага і другога курсаў Гродзенскага дзяржаўнага гуманітарнага каледжа. Размова ішла пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніцы, гучалі цытаты з яе лістоў да польскіх пісьменнікаў Ю. Крашэўскага, С. Рэйманта, рускага пісьменніка М. Салтыкова-Шчадрына, украінскага паэта і празаіка І. Франко і беларускага паэта Ф. Багушэвіча. Гасцям салона быў прапанаваны тэматычны агляд літаратуры і цікавая інфармацыйна-мультымедыйная прэзентацыя.

Напрыканцы моладзь наведала мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці Элізы Ажэшкі.

Запрашаем і вас на сустрэчу з Элізай Ажэшка па адрасе: вул. Ажэшкі, 17.