“Народа душа і голас” на паліцах бібліятэкі Купала і Колас

Ужо 140 гадоў беларуская зямля ўслаўляе сваіх двух таленавітых сыноў – Янку Купалу і Якуба Коласа, што прыйшлі да людзей як пасланцы нябёсаў і пакінулі зорны след у вечнасці і ў гісторыі нашай краіны. Сёння без іх творчасці нельга ўявіць родную беларускую літаратуру. Таму супрацоўнікі аддзела абанемента да юбілея славутых класікаў арганізавалі ў экспазіцыйнай зале выставу “Купала і Колас – народа душа і голас”.

Увазе наведвальнікаў прадстаўлена звыш 300 экзэмпляраў кніг, сярод якіх фундаментальныя працы і крытычныя артыкулы вядучых беларускіх літаратуразнаўцаў, прысвечаныя жыццю і творчай дзейнасці паэтаў, поўныя зборы твораў, факсімільныя выданні і асобнікі-юбіляры бягучага года: Я. Купалы “Тутэйшыя” і “Спадчына”– 100 гадоў, “Паўлінка” – 110 гадоў; Я. Коласа “Песні жальбы” – 100 гадоў, “У глыбі Палесся” – 95 гадоў.

Экспазіцыя аздоблена цытатамі з твораў песняроў беларускай зямлі, вершаванымі радкамі, прысвечанымі Купале і Коласу, працамі выбітных мастакоў, якія адлюстроўваюць постаці нашых юбіляраў, тэматычнымі фотаздымкамі і калажамі.

Наведаць выставачны праект “Купала і Колас – народа душа і голас” запрашаем у экспазіцыйную залу галоўнага корпуса абласной бібліятэкі па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2.