ПАМЯТНЫ ЗНАК “У ГОНАР ДРУЖБЫ І ЗГОДЫ КАНФЕСІЙ ІЎЕЎШЧЫНЫ” г.Іўе

Невялікае мястэчка Іўе стала сімвалам беларускай рэлігійнай талерантнасці. Сярод вернікаў яго нават называюць “маленькім Іерусалімам”.

Паважаючы і падтрымліваючы традыцыі талерантнасці і верацярпімасці іўяўчан 14 чэрвеня 2012 года быў адкрыты памятны знак “У гонар дружбы і згоды канфесій Іўеўшчыны”, які стаў візітнай карткай горада. Ідэя стварэння помніка належыць святарам мястэчка.

Памятны знак прысвечаны прадстаўнікам 4 рэлігійных канфесій (праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іудзейскай).
Ён уяўляе сабой чатыры стэлы, аздобленыя паўкруглымі аркамі і павернутыя да святыні адпаведнай канфесіі — праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іўдзейскай. На адной – выява Спаса Нерукатворнага і ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы, уверсе словы “Я есть путь к истине и истина, и жизнь”. На другой – выява папы Рымскага Іаана Паўла ІІ з заклікам “Адчыніце дзверы Хрысту!”. На трэцяй – мусульманская сімволіка і Каран, а чацвёртая стэла ўпрыгожана падсвечнікам – мінорай (сімвал дзяржавы Ізраіль) і словамі на рускай мове і іўрыце “Мир вам!”.

Праваслаўе – самая маладая рэлігія ў Іўі. Царква ў імя свяшчэннамучаніка немаўля Гаўрыіла пачала працу толькі ў 1995 годзе.

Каталіцкую веру прадстаўляе касцёл Святых Пятра і Паўла, пабудаваны яшчэ ў XV стагоддзі. Перад будынкам ўсталявана скульптура Ісуса Хрыста з раскінутымі рукамі, дакладная копія статуі ў Рыа-дэ-Жанейра.  Мусульманства – самая старажытная рэлігія на тэрыторыі Іўя. Тут размешчана другая па велічыні пасля Мінска татарская абшчына, якая налічвае больш за адну тысячу вернікаў. Мячэць, пабудаваная ў 1882 годзе, дайшла да нашага часу.

Яўрэйскае насельніцтва да пачатку Вялікай Айчыннай вайны складала больш за 70% жыхароў горада. Будынак галоўнай сінагогі цудам уцалеў, але не выкарыстоўваецца па прамым прызначэнні. Сёння ў ім размешчана спартыўная зала.

Аркі-стэлы стаяць зусім побач. У сярэдзіне гэтай манументальнай групы, як разуменне таго, што пара збіраць камяні – горка з камянёў. Яна змешчана ў коле. Кола – як еднасць цыкла прыроды, жыцця, як сімвал Бога, а вада, што струменіцца па каменнях – гэта сімвал вечнасці.

Прадстаўнікі чатырох рэлігій жывуць у горадзе як добрыя суседзі. Помнік канфесіям закліканы падкрэсліць магчымасць вольнага веравызнання і мірнага суіснавання людзей.