КАСЦЁЛ ПЕРАМЯНЕННЯ ПАНА г.п. Вялікая Бераставіца

Каталіцкая царква Перамянення Пана ў неагатычным стылі была пабудавана ў 1908-1912 гадах на сродкі і па ініцыятыве ўладальніка маёнтка графа Касакоўскага. Побач з храмам у 1913 годзе быў пабудаваны будынак плябаніі, які захаваўся да нашых дзён.
Храм Перамянення быў асвечаны 2 кастрычніка 1912 года і перададзены вернікам.

Касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры неаготыкі. Вырашаны прамавугольнай 3-нефавай базілікай з 5-граннай апсідай. Галоўны фасад атрымаў дынамічную, вертыкальна накіраваную кампазіцыю, завершаную 3-яруснай шатровай вежай-званіцай.

Уваход вырашаны арачным парталам, галоўныя дзверы ўпрыгожаны мастацкім каваннем. Дынаміку храму надае стройная трох’ярусная вежа-званіца.

Каларыстычнае рашэнне будынка дасягаецца спалучэннем фактурай мура сцен колеру натуральнага каменя і белых, абтынкаваных элементаў архітэктурнага дэкору: лапатак, карнізаў, ліштвы, нішаў.
Інтэр’ер храма таксама выкананы ў неагатычным стылі, нефы перакрытыя спічастымі скляпеннямі. У 1945 годзе касцёл – зарэгістраваны.

З лістапада 1945 года ксяндзом быў Мечыслаў Вацлававіч Малыныч, які здолеў аднавіць рэлігійнае жыццё католікаў. Ён аб’яднаў вялікую колькасць вернікаў, якія і цяпер успамінаюць яго імя з удзячнасцю, як беларускага рэлігійнага дзеяча польскага паходжання.

У 1965 годзе католікі засталіся без храма. Яго аддалі калгасу пад склад для збожжа, а потым у ім прымалі шклатару. Тым не менш, у 1970-х гадах касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры.

Толькі 5 мая 1989 года каталіцкая супольнасць у Вялікай Бераставіцы была ізноў зарэгістравана. 26 мая таго ж года парафіянам вярнулі будынак касцёла і 7 ліпеня ў ім прайшла першая святая Імша.

У 1990 годзе з Літвы быў прывезены новы галоўны алтар, а 10 лістапада 1991 года гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч кансэкраваў касцёл пад гістарычным тытулам Перамянення Пана.