Сугучча слова і душы: сустрэча з Навумам Гальпяровічам

Ва ўтульнай атмасферы Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Яўхіма Карскага адбылася па-сапраўднаму асаблівая падзея – першая ў гісторыі сустрэча з яркім майстрам слова, пісьменнікам, журналістам і аўтарам папулярнай праграмы “Суразмоўцы” Заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, Навумам Гальпяровічам.

На сімвалічнай сустрэчы сабраліся знатакі літаратуры, сябры, калегі і адданыя чытачы, каб разам акунуцца ў свет слоў, думак і пачуццяў, якім напоўнена свежая кніга аўтара “Чырвоны мост”.

На працягу вечара госці не толькі абмяркоўвалі літаратурны твор, але і дзяліліся самымі шчырымі ўражаннямі, віншавалі аўтара з важнай падзеяй у яго творчым жыцці.

Сваімі цёплым водгукам аб кнізе падзялілася кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, літаратуразнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аліна Сабуць, адзначыўшы, што “Чырвоны мост” – гэта дзіўны сінтэз шчырай споведзі і паэтычнай прыгажосці, напоўнены багатай біяграфіяй, прасякнуты трапяткой лірыкай і тонкім гумарам.

Мерапрыемства праходзіла ў фармаце жывога дыялогу, падчас якога ўдзельнікі змаглі не толькі даведацца пра прафесійныя і творчыя зарады аўтара, але і прыадчынілі яго сэрца, даведаліся пра натхненне, што рухае ім у стварэнні літаратурных шэдэўраў. Ажыўленая гутарка, цікавыя пытанні вядучай – дырэктара бібліятэчнай установы Марыны Ігнатовіч – дапамаглі раскрыць усю глыбіню асобы і таленту Навума Гальпяровіча.

У ходзе сустрэчы прагучалі праніклівыя вершы – “Лістапад”, “Мой Полацк – мой Ерусалім” і іншыя, якія дадаткова падкрэслілі багацце яго ўнутранага свету і майстэрства паэта.

Завяршальным акордам вечара сталі цёплыя словы падзякі і пажаданні невычэрпнага натхнення ад усіх прысутных: бібліятэкары, члены Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з старшынёй Людмілай Кебіч, прадстаўнікі літаратурнага аб’яднання “Надзея”, сябры і прыхільнікі творчасці аўтара са сталіцы. Яны падкрэслілі, што творчасць Навума Гальпяровіча – гэта сапраўдны скарб для беларускай культуры, крыніца шчырай радасці і глыбокага разважання.