Казачны свет беларускай зямлі

Паважаныя чытачы!
Прапануем вашай увазе новыя цікавыя кнігі беларускіх пісьменнікаў для чытачоў малодшага і сярэдняга ўзросту, якімі папоўніўся фонд дзіцячага аддзела бібліятэкі. Чытаючы гэтыя творы, дзіця адчуе сябе часткай вялікага космасу, будзе вучыцца заўважасць прыгажосць у дробязях, навучыцца думаць і марыць.
Багдановіч, Л. У. Зорныя карункі : казкі / Лёля Багдановіч ; мастак Дар’я Чарняўская. – Мінск : Звязда, 2024. – 100 с.
Уявіце сабе ціхую ноч, калі зоркі так блізка, што да іх можна дакрануцца рукой. Уявіце, што кожная з іх расказвае сваю гісторыю, а ў небе сплятаюцца карункі з мары і святла. Менавіта такі свет адкрываецца ў кнізе Л. Багдановіч “Зорныя карункі”. У вершах і апавяданнях адчуваецца любоў да роднай прыроды, да беларускага слова, да чалавечых пачуццяў. Чытаючы гэтыя творы, дзеці будуць адчуваць сябе часткай вялікага космасу, будуць вучыцца заўважасць прыгажосць у дробязях, думаць і марыць. Яна напоўнена лёгкасцю, цеплынёй і пяшчотай. Тут няма месца суму. Гэта гісторыя пра тое, што дзіцячыя мары сапраўды могуць стаць дарогай у вялікі свет, калі ўмець слухаць і бачыць. Кніга будзе цудоўным падарункам для маленькага чытача.
Марціновіч, А. Дай лапу, Месяц! : прыгодніцкая аповесць-казка / Алесь Марціновіч ; [мастак Сяргей Волкаў]. – Мінск : Звязда, 2024. – 86 с.
А што, калі аднойчы сам Месяц працягне вам лапу і запросіць у падарожжа па казачным свеце? У гэтай кнізе ўсё магчыма! Героі прыгодніцкай аповесці-казкі Алеся Марціновіча “Дай лапу, Месяц” – котка Ліза, сабачка Альма і іх сябры – пабывалі ў казачным горадзе, які знаходзіцца не на Зямлі, а на Месяцы. Кожная гісторыя напоўнена святлом і гумарам, дорыць усмешку і прымушае паверыць у цуды. Аўтар звяртаецца да дзяцей шчыра і з цеплынёй, таму кніга лёгка чытаецца і пакідае пасля сябе пачуццё радасці. Маляўнічыя ілюстрацыі дадаюць асаблівы настрой – яны робяць гісторыі яшчэ больш жывымі і займальнымі. Гэта выданне стане цудоўным спадарожнікам для сямейнага чытання.
Карлюкевіч, А. Сачыненне на галоўную тэму : апавяданні і казкі / Алесь Карлюкевіч ; мастак Святлана Стахоўская. – Мінск : Звязда, 2025. – 69 с.
У школе задалі напісаць сачыненне на самую галоўную тэму. Ты думаешь: “А што ж самае галоўнае?” І тут на дапамогу прыходзіць кніга. У ёй ты сустрэнеш дзяўчынку і хлопчыка, якія таксама шукаюць галоўнае. Яны вучацца сябраваць, смяяцца разам і перажываць маленькія непрыемнасці. У кожным апавяданні ёсць нешта асаблівае. Адно пакажа, чаму сяброўства важней за дробныя крыўды. Другое – што самы звычайны дзень можа стаць святам, калі ты глядзіш на ўсё з усмешкай. Трэцяе – што сачыненне ў школе можа ператварыцца ў самую сапраўдную прыгоду. Гэта кніга дапаможа зразумець, што самае галоўнае заўсёды побач – сям’я, сябры, школа і родны дом.
Дарожкін, А. С. Куфар патрэбных казак : для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту / Андрэй Дарожкін ; мастак Алена Пышнік. – Мінск : Звязда, 2025. – 68 с.
“Куфар патрэбных казак” – гэта кніга, якая з першых старонак пераносіць чытача ў свет чараўніцтва і мудрасці. Аднойчы ў старым доме знайшоўся куфар, напоўнены не каштоўнымі камянямі і золатам, а казкамі. У казках жывуць фантастычныя істоты і звычайныя людзі, якія трапляюць у нечаканыя сітуацыі. Кожная гісторыя ў гэтым куфары нібыта падказвае: у жыцці важна быць шчырым, працавітым, дапамагаць сябрам і верыць у дабро.
У кнігу ўвайшлі чатыры аўтарскія гісторыі, стылізаваныя пад народныя казкі. Андрэй Дарожкін прапануе чытачу не проста прыгожыя апавяданні, а сапраўдныя жыццёвыя ўрокі, зашыфраваныя ў займальныя сюжэты.
Глаз, В. Праз казку ― пра мастацтва : для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту / Віталія Глаз ; дызайн Маі Пракаповіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2025. – 78 с.
Казкі могуць не толькі весяліць і вучыць, але і адкрываць дарогу ў свет мастацтва. Разам з героямі гісторый дзеці могуць зазірнуць у карціны, пазнаёміцца з вобразамі і колерамі, даведацца, як мастакі ствараюць свае творы. Чытанне ператвараецца ў сапраўдную вандроўку па музеях і майстэрнях, дзе жывуць фарбы, лініі и формы.
Кніга складаецца з васьмі казак па матывах твораў знакамітых мастакоў. Асноўная мэта кнігі – не толькі пазнаёміць з творамі мастацтва, але і разбудзіць уяўленне, навучыць чытаць карціну, разумець яе мову.
Дамаронак, Т. І. Чароўныя куточкі нашай Радзімы : [зборнік казачных гісторый] / Таццяна Дамаронак ; мастак Наталля Расолька. – Мінск : Беларусь, 2025. – 85 с.
Зборнік казачных гісторый “Чароўныя куточкі нашай Радзімы” дапаможа даведацца пра жывапісныя мясціны Беларусі. Аўтар прапануе з вясёлымі казачнымі героямі, птушкамі і звярамі адправіцца ў падарожжа па вялікіх рэках і патрапіць у чароўны лес. Юныя чытачы яшчэ раз пераканаюцца, якая прыгожая беларуская прырода. І, вядома, ім захочацца самім адправіцца ў сапраўднае падарожжа, каб адчуць гэтую прыгажосць, дабрыню і любоў роднай зямлі.
Шчыра запрашаем за цудоўнымі выданнямі ў дзіцячы аддзел (вул. Савецкая, 25).