Аб табе, Мая Беларусь

У рамках выставачных экспазіцый “Мая Беларусь” у аддзеле абанемента наведвальнікаў бібліятэкі чакае аднайменная тэматычная кніжная выстава, дзе прадстаўлена навукова-папулярная літаратура. Энцыклапедычныя і грамадска-палітычныя даведнікі, фотаальбомы, зборнікі распавядаюць пра дасягненні нашай краіны ў розных сферах жыцця грамадства.
Дарэчы, прататыпам афармлення экспазіцыі стала вельмі цікавая і пазнавальная кніга “Родина моя Беларусь = Радзіма мая Беларусь: знай, помни, береги” выдавецтва “Адукацыя i выхаванне”. Аўтары выдання раскрываюць аспекты паняццяў, якія закладзены ў слове “Радзіма”, “Беларусь”: гісторыя, адукацыя, нацыянальная бяспека, маладзёжныя і сацыяльныя праекты, прырода і экалогія, спорт і турызм, культура і навука нашай краіны.
У выданні “Национальное достояние Беларуси” Пекара К. В. дзякуючы тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, многія ілюстрацыі ў кнізе “ажываюць” у фармаце відэа з каментарыямі, што дае магчымасць атрымаць асалоду ад візуальнай прыгажосці выдатнага, апетага паэтамі, края з багатай гістарычнай спадчынай, самабытнай культурай. Блакітныя азёры, рэліктавыя лясы, унікальныя запаведнікі, цудоўныя замкі, казачныя палацы, дагледжаныя сядзібы, велічныя храмы, раскошныя музейныя комплексы – усё гэта дасталася нам ад продкаў і з’яўляецца нацыянальным здабыткам.
Галоўная задача аўтараў – натхніць на займальныя падарожжы па Беларусі, зацікавіць і падштурхнуць да больш уважлівага вывучэння нашай гісторыі, культуры, геаграфіі і прыродазнаўства.
Запрашаем у аддзел абанемента наведаць выставу “Мая Беларусь” і акунуцца ў прыгажосць і ўнікальнасць Беларусі!