Свята беларускага слова адбылося!

Дзень Пісьменства – сапраўднае свята беларускага слова, прысвечанае Нацыянальнай літаратурнай спадчыне, адбылося ў Лідзе. Тэматычныя экспазіцыі, прэзентацыі і інтэрактыўныя пляцоўкі дзіўнай прыгажосці прадставілі гасцям святочных мерапрыемстваў публічныя бібліятэкі Гродзенскай вобласці «Гродзеншчына: скарбы бібліятэк і традыцыі роднага краю».
Круглы стол на тэму «80 гадоў Вялікай Перамогі: бібліятэчныя ініцыятывы і праекты», арганізаваны Гродзенскай абласной бібліятэкай імя Карскага, прайшоў у Лідскай раённай бібліятэцы імя Я. Купалы з удзелам спецыялістаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Бібліятэчныя работнікі падзяліліся вопытам і ініцыятывамі да 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Сваёй прыгажосцю і крэатывам здзіўлялі гасцей пляцовак работы ўдзельнікаў абласнога конкурсу бібліятэчнага дэкору «Книжное зазеркалье». У рамках культурнай праграмы Дня Пісьменства адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу.
Сталіцай Дня Пісьменства на 2026 год быў абраны горад Касцюковічы Магілёўскай вобласці.