Падарожжа ў свет дзівосаў Генадзя Аўласенкі

16 жніўня спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння Генадзя Пятровіча Ауласенкі ── беларускага паэта, драматурга, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Генадзь Пятровіч нарадзіўся 16 жніўня 1955 года ў в. Ліпавец Ушацкага раёна, у 1972 годзе скончыў Ушацкую сярэднюю школу, служыў у арміі. Скончыў біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і некаторы час жыў і працаваў у Якуціі і Забайкаллі. 3 1984 года жыве ў г. Чэрвень Мінскай вобласці. Больш за дваццаць гадоў працаваў настаўнікам Вайнілаўскай базавай школы Чэрвеньскага раёна, дзе выкладаў біялогію і хімію. Затым быў рэдактарам аддзела падлеткавай творчасці часопіса «Маладосць». У 2014–2015 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Бярозка».
Дзіцячы аддзел падрыхтаваў выставу да юбілею пісьменніка. Запрашаем нашых чытачоў пазнаёміцца з новымі творамі аўтара ці згадаць даўно вядомыя.
Вас ужо чакаюць зборнік казак “Адзін кот і адзін год” і казачныя аповесці “Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак”, “Дашачка і чароўныя акуляры”, “Снегавік і Вясна”, “Малпачка ─ дачка Нябеснага Дракона”, зборнік вершаў і загадак “Зайка польку танцаваў” і рэальна-містычна-фантастычныя апавяданні пад назвай “Ключ, які нічога не адмыкае”, казкі-рыфмаванкі “Як зрабіць з мухі слана” і шмат іншых твораў.
Асаблівае месца ў творчасці Генадзя Аўласенкі займаюць тапанімічныя казкі. “Чаму рэчка Уздзянка такую назву мае”, “Таямніцы назваў”, “Як сем сыноў лесніка чорта перахітрылі” ─ у гэтых казках аўтар паспрабаваў адказаць на пытанні, чаму той ці іншы населены пункт мае сваю назву, з чым можа быць звязана яе паходжанне.
Зусім нядаўна ў Выдавецкім доме “Звязда” пабачыла свет новая кніга тапанімічных казак Генадзя Аўласенкі “Як валошкі назву гораду далі”. З ёю вы таксама можаце пазнаёміцца ў нашай бібліятэцы. Навінка таксама прадстаўлена на выставе.
Творы Генадзя Аўласенка ўваходзяць і ў калектыўныя зборнікі. Мы рады прадставіць вашай увазе тэматычныя зборнікі твораў беларускіх аўтараў: “Блакітная кніга”, “Бульбінка”, “Вежа міру”, “Восеньскія скарбы”, “Закаханы ў Снягурку”, “Любай маме”, “Навагодні падарунак”, “Усе колеры года”, “Як сказаць па-беларуску?” і інш.
Падарожжа ў свет дзівосаў Генадзя Аўласенкі чакае вас у дзіцячым аддзеле на вул. Савецкай, 25.