Беларускі каларыт

Народнае адзенне – надзвычай яркі здабытак нацыянальнай этнаадметнасці. Вынік доўгіх, складаных працэсаў развіцця як матэрыяльнай, так і духоўнай культуры вялікай супольнасці. Незвычайная ўстойлівасць традыцый — вось чым адметны беларускі касцюм. Ён убіраў у сябе шматлікія павевы моды і часу на працягу стагоддзяў, але доўгі час захоўваў нязменным крой некаторых прадметаў вопраткі. Старажытныя формы, чысціня арнаментальных матываў, панаванне колераў – гэта ж пасланні з глыбокай даўніны.

Традыцыйнае адзенне больш, чым нешта іншае, адлюстроўвае нашу этнічную ўнікальнасць. Аднак у розных рэгіёнах Беларусі касцюм мае свае асаблівасці, непаўторны каларыт. Тое праяўляецца ў тэхніцы выканання, спосабах нашэння дэталяў вопраткі, характары арнаменту. Напрыклад, архаічнасць і чысціню ліній бачым на Заходнім Палессі, маляўнічасць – на Усходнім, гарманічная ўраўнаважанасць прыкметна ў Цэнтральнай Беларусі. Можна казаць пра манументальнасць у Падзвінні, дынамічны сілуэт – у Панямонні, незвычайную разнастайнасць і багацце дэкору ў Падняпроўі.

Паважаючы народную культуру, разумеючы яе значэнне для самаідэнтыфікацыі беларусаў, варта праяўляць да яе яшчэ больш увагі, зберагаць напрацоўкі даследчыкаў, спецыялістаў, майстроў, энтузіястаў. Усе ведаюць: такіх строяў, як у нас, няма больш анідзе ў свеце. Гэта, па сутнасці, культурныя каштоўнасці сусветнага маштабу, і стаўленне да іх павінна быць адпаведным.

Запрашаем дакрануцца да яркай мастацкай з’явы этнічнай культуры беларусаў – традыцыйным касцюмам – у аддзел мастацтва па адрасе: вул. Савецкая, 25 (уваход з вул. Калючынская). Тэл.: 62-03-12.