Магія летніх старонак

У аддзеле абанемента дзейнічае крэатыўная кніжная міні-выстава пад назвай «Магія летніх старонак», якая прыцягвае ўвагу не толькі зместам, але і нестандартным афармленнем. Замест звычайных стэлажоў кнігі нібы «лунаюць» у паветры, падвешаныя з дапамогай дэкаратыўных зажымаў на яркіх каляровых атласных стужках. Цэнтральным элементам экспазіцыі стала драўляная вешалка, увенчаная шыракаполым пляжным капялюшам і дапоўненая лёгкім шалем з матылькамі, што стварае летнюю атмасферу флёру і загадкавасці.

На экспазіцыі прадстаўлены кнігі розных жанраў мастацкай літаратуры – ад містычных раманаў і фэнтэзі да класікі. Кожная кніга нібы запрашае чытача ўзяць яе ў падарожжа, а незвычайнае размяшчэнне робіць выбар яшчэ больш інтрыгуючым. Карыстальнікі адзначаюць, што такі фармат дадае элемент гульні і натхняе на чытанне.

Міні-выстава «Магія летніх старонак» будзе дзейнічаць да канца лета. Запрашаем у аддзел абанемента адшукаць кніжную магію: вул. Карбышава, 17, пак. 201.