Летняя сустрэча «Равесніка»: міні-марафон «Чытаем разам, чытаем услых»

Аб карысці чытання ўслых кажуць вынікі даследаванняў вучоных розных краін і нашы ўласныя назіранні. Памяць, дыкцыя, мысленне, упэўненасць у сабе ̶ усё гэта паляпшае чытанне ўслых. Важна і тое, што чытанне ўслых не толькі развівае, а яшчэ і аб’ядноўвае.

Чэрвеньская сустрэча клуба «Равеснік» у дзіцячым аддзеле падчас летніх канікулаў была прысвечана знаёмству з творамі сучасных беларускіх аўтараў у фармаце гучных чытанняў без папярэдняй падрыхтоўкі.

Удзельнікі клуба выпрабавалі свае сілы ва ўменні чытаць услых творы сучасных беларускіх аўтараў: Раісы Баравіковай, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Таццяны Дамаронак, Віктара Кудлачова, Галіны Пшонік, Дзмітрыя Мікалаева і інш.

Што ж такое міні-марафон і чым ён адрозніваецца ад Конкурсу чытальнікаў? Да Конкурсу чытальнікаў можна падрыхтавацца, вывучыць твор за пару дзён, тыдняў, давесці да дасканаласці тэхніку чытання, выразнасць. Да марафону, як да любога спартыўнага спаборніцтва, немагчыма падрыхтавацца за 2-3 дні. Тут, альбо ў цябе ёсць ужо навык збеглага чытання з разуменнем таго, што ты чытаеш, альбо няма навыку. Усё, што ты можаш зрабіць, гэта прыйсці на сустрэчу, узяць кнігу і чытаць услых.

Адначасова падлеткі былі ў ролі “марафонцаў”, і ў ролі журы: пасля чытання ішлі абмеркаванні тэхнікі выканання, інтанавання, акцёрскага майстэрства, эмацыйнага ўздзеяння на слухачоў.