Да 500-годдзя “Апостала” Францыска Скарыны

У аддзеле абанемента да 500-годдзя выдання апошняй надрукаванай кнігі Ф.Скарыны “АПОСТАЛ” (1525 г.) падрыхтавана кніжная экспазіцыя “Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар”.

У 1525 годзе надрукавана віленскае выданне – “Книга деяния и послания апостольская, завемая Апостал”, адзіная з кніг Ф.Скарыны без гравюрных ілюстрацый, хаця выкарыстаны шматлікія застаўкі і канцоўкі, гравіраваныя ініцыялы. Надрукаваны “Апостал” у два колеры, з выкарыстаннем кінавары, аб’ём – 34 аркушы. Да кожнай самастойнай часткі “Апостала” Ф.Скарына напісаў 22 прадмовы і 17 пасляслоўяў. Усяму тэксту папярэднічае агульная прадмова Скарыны “Дзеяннем светам апостал кніг прадмова”. Каштоўнасць друкаванага “Апостала” Ф.Скарыны ў тым, што гэта выданне – на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі, мела сувязь з традыцыямі беларускай і ўсходнеславянскай кніжнасці.

Уся кніжная спадчына Ф.Скарыны, якая з’яўляецца нацыянальным здабыткам, у выглядзе факсімільных выданняў была ўзноўлена Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Банкам БелВЭБ у 2017 годзе да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Факсімільнае выданне кніг Ф.Скарыны дазволіла ўпершыню сабраць поўны рэпертуар работ, надрукаваных ім у Празе і Вільнюсе. У аснову выданняў пакладзены копіі найлепш захаваных экзэмпляраў кніг Ф.Скарыны, якія знаходзяцца ў Беларусі і іншых краінах. Факсімільнае ўзнаўленне ажыццёўлена ў адпаведнасці з біблейскім канонам размяшчэння кніг Святога Пісання і ў парадку, вызначаным самім першадрукаром. Да нашых дзён дайшло 519 асобнікаў надрукаванага ім тэксту, у тым ліку як паўнавартасныя кнігі, так і асобныя, цудам захаваныя старонкі. Каб аб’яднаць і сістэматызаваць іх, супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі спатрэбілася пяць гадоў. Вынікам іх доўгай працы стала выданне, якое выйшла тысячным тыражом. Усе тэксты суправаджаюцца навуковым апісаннем, а кожны том змяшчае шырокую прадмову.

На выставе дэманструецца факсіміле: Францыск Скарына “Апостал”.

Кніжная спадчына Францыска Скарыны: факсімільнае ўзнаўленне/ Нацыянальная бібліятэка Беларусі: [Факсімільнае выданне на рускай, беларускай і англійскай мовах]. У 21 т. Кн. 20: Апостал = Апостол = The Apostle. – Мінск, 2017. – 727с.

Выстава будзе цікава ўсім, хто жадае адкрыць шматгранны свет гуманіста, сферы яго разнастайнай дзейнасці, якая не страціла сваёй актуальнасці сёння. Падабраны матэрыял дазволіць па-новаму асэнсаваць велічнасць Чалавека ведаў, Чалавека адукацыі, Чалавека асветы.

Запрашаем пазнаёміцца з выставай “Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар” у аддзеле абанемента па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.