Ён маляваў Мадоннаў

У гэтым годзе спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння выдатнага мастака, члена Беларускага саюза мастакоў, грамадскага дзеяча Аляксея Васільевіча Кузьміча. Мастак прысвяціў жыццё апяванню жаночай прыгажосці, беларускім Мадоннам і заставаўся верным вечным каштоўнасцям: веры, надзеі, любові, мацярынству, дабрыні. Ім створаны серыі карцін “Залатыя Мадоны”, “Срэбраныя Мадоны”, “У раі”, “Ахвярнасць славянскіх Мадонн”, “Палескія Мадонны”, “Мадонна і анёлы”, а таксама асобныя палотны “Пяшчота”, “Мінская Мадонна”, “Натхненне”, “Мадонна Белай Русі”, “Чысціня”, “Тры Мадонны” і іншыя. Яго імя занесена ў Кнігу рэкордаў Расіі, краін СНД і Балтыі “Дзіва” як аўтара найвялікшай у свеце калекцыі работ з вобразам Мадонны.

Але не толькі Мадоннаў пісаў Аляксей Кузьміч. Ён стварыў серыю партрэтаў гістарычных асоб. Ярка вылучаюцца карціны “Рагнеда”, “Еўфрасіння Полацкая”. Працуючы над гэтымі палотнамі, мастак дасканала вывучаў час, у які яны жылі.

Аляксей Кузьміч – аўтар знакамітай серыі партрэтаў акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Купалаўцы”. Кожная выява прадумана да дробязяў, мастак па-майстэрску тонка і сапраўдна перадаў характары мадэляў. На палотнах назаўжды засталіся Стэфанія Станюта, Галіна Макарава, Ларыса Лужына, Марыя Захарэвіч, Здзіслаў Стома, Мікалай Яроменка-старэйшы. Аляксею Кузьмічу пазіравалі таксама кінарэжысёры Міхаіл Пташук і Віктар Тураў, пісьменнікі Алесь Адамовіч, Уладзімір Ліпскі, Андрэй Скарынкін і многія іншыя.

Пазнаёміцца з творчасцю беларускага мастака запрашаем у аддзел мастацтва: вул. Савецкая, 25 (уваход з вул. Калючынская). Тэл.: 62-03-12.