IX Гродзенскі ЛітФэст адбыўся!

Весела і па-летняму горача прайшло доўгачаканае свята кнігі, падрыхтаванае Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Я. Карскага. IX Абласны фестываль кнігі “Гродзенскі “ЛітФэст” у гэтым годзе праводзіўся ў сямейным фармаце і быў прысвечаны дзецям і дзіцячай літаратуры!
Разам з начальнікам упраўлення культуры – Клімовіч Аленай Віктараўнай, героі любімых казак, якія прыбылі з бібліятэк вобласці, урачыста адкрылі конкурс чытання “Лета і кніга”, каб разам з маленькімі чытачамі адправіцца ў падарожжа з кнігай.
Публічныя бібліятэкі Гродзенскай вобласці захаплялі гродзенцаў і гасцей горада інтэрактыўнымі пляцоўкамі, лялечнымі спектаклямі, майстар-класамі, фотазонамі і захапляльнымі гульнямі. А на галоўнай сцэне маленькіх кнігалюбаў чакалі інтэлектуальныя гульні на веданне роднага краю, лінгвістычныя размінкі, літаратурныя турніры, чэмпіянат па чытанні ўслых, а самыя крэатыўныя маглі зрабіць сэлфі ў касцюме любімага літаратурнага героя.
Шчыра дзякуем нашых гасцей і сацыяльных партнёраў, якія далучыліся да святкавання IX Абласнога фестывалю кнігі “Гродзенскі “ЛітФэст” і разам з бібліятэкарамі захаплялі прысутных сваімі талентамі: Гродзенскае абласное аддзяленне ГА“Саюз пісьменнікаў Беларусі”, выхаванцы рэабілітацыйнай групы “Добрае сэрца” УАЗ “Гродзенскі абласны клінічны цэнтр” “Псіхіятрыя-наркалогія”, навучэнцы УА “Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў”, пачынаючыя артысты са студыя музыкі “Voice One”, модныя зорачкі з тэатра моды “Стыль” УА “Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну”, студыя танцу “Сальса Рыка”, залатыя галасы са студыі “Авацыя” ДУ ”Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры”, а таксама маладыя і таленавітыя ўдзельнікі народнага духавога аркестру УА “Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж”.
Жадаем усім выдатнага адпачынку і цудоўнага часу, праведзенага з кнігай!
Да сустрэчы ў наступным годзе!