Сусвет Францыска Скарыны

Кожны народ мае права ганарыцца сваёй культурнай спадчынай і таленавітымі людзьмі. Сярод найбольш яскравых і значных прадстаўнікоў беларускай культуры эпохі Адраджэння вылучаецца асоба Францыска Скарыны.
Супрацоўнікамі аддзела абанемента арганізавана выстава-экспазіцыя “Сусвет Францыска Скарыны”, прысвечаная 535-годдзю з дня нараджэння выдатнай славутай асобы Францыска Скарыны: пісьменніка, перакладчыка, вучонага, першадрукара, асветніка, гуманіста, філосафа, доктара медыцыны, мастака.
Жыццё і дзейнасць беларускага першадрукара на выставе прадстаўлена ў шматлікіх навуковых новых выданнях (“Францыск Скарына: даўнія факты — новыя ідэі”; “Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына”; “Францыск Скарына: новыя даследаванні” “Францыск Скарына i яго час”), зборніках калектыўных прац вядомых даследчыкаў-скарыназнаўцаў: Агіевіча У., Майхровіча С., Падокшына С., Дварчаніна І., Конана У., Галенчанкі Г., Казберука У., Булыкі А., Неміроўскага Я., Чамярыцкага В., Яскевіча А., Лабынцава Ю., Лойкі А., Брагі С. і іншых вядомых вучоных.
Асаблівую ўвагу прапануем звярнуць на кнігу “Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях”, якая з’яўляецца своеасаблівым працягам і дадаткам найбольш поўнага для свайго часу збору пісьмовых біяграфічных крыніц, 85 дакументаў і наратыўных сведчанняў з архіваў і бібліятэчных сховішчаў Расіі, Польшчы, Літвы, Германіі, Італіі, Чэхіі па біяграфіі беларускага першадрукара – “Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў” (1988). Перагледжаныя, папраўленыя і дапоўненыя матэрыялы ў новым выданні ілюструюцца рэпрадукцыямі крыніц і публікуюцца ў адпаведнасці з новымі археаграфічнымі нормамі (адзначаюцца: парадкавы нумар, дата і месца, рэгест, тэкст дакумента і навуковы апарат да яго). Некаторыя важныя звесткі і рэаліі, ключавыя персанажы і асабовыя назвы больш поўна асвятляюцца ў каментарыях, пададзеных у канцы выдання. Тэксты друкуюцца з арыгіналаў ці першадрукаў альбо ўзнаўляюцца на падставе даставерных копій з даданнем розначытанняў, што дае магчымасць іх спраўдзіць. Крыніцы, уключаныя ў зборнік, напісаныя на некалькіх мовах: кірыліцкай графікай на старабеларускай і старарускай падаюцца без перакладу, а на старачэшскай, старапольскай, лацінскай і старанямецкай – з перакладам на сучасную беларускую мову.
Выданні будуць карыснымі для даследчыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў, навучэнцаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.
Час дэманстрацыі выставы “Сусвет Францыска Скарыны” адпавядае рэжыму работы аддзела абанемента. Больш падрабязна пазнаёміцца з літаратурай запрашаем па адрасе: вул. Карбышава, 17, паверх 2, каб. 201.